
Асноўную частку гэтай кнігі займае аповесць пра Максіма Багдановіча «Паэт». Прыканцы аповесці пазначана, што яна была напісана ў студзені - траўні 1996 года. Зазірнуўшы ў біяграфію пісьменніцы, даведаемся, што з 1990 па 1998 гг. яна працавала ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Менску. То бок аповесць была напісана ў той час, калі аўтарка ўдзельнічала ў стварэнні музея – распрацоўвала канцэпцыю музейнай экспазіцыі, сістэматызавала і вывучала фонды, займалася пошукам экспанатаў, рыхтавала да друку мемуары бацькі паэта Адама Багдановіча. Увесь гэты матэрыял і быў скарыстаны пры напісанні аповесці.
Як на маю думку, гэта адзін з найбольш адметных мастацкіх твораў пра Максіма Багдановіча. Прычым напісаны без асаблівых фантазійных прыдумак, бо абапіраецца на пісьмовыя сведчанні бацькі паэта і сяброў юнацтва. У аповесці разглядаецца перыяд жыцця Багдановічаў у Яраслаўлі, дзе Максім навучаўся ў гімназіі і набыў добрых сябраў, якія, як і ён, цікавіліся паэзіяй і ўвогуле літаратурай. Разам з імі ён утварыў таемнае таварыства аматараў літаратуры. У пісьменніцы атрымаўся практычна філасофскі твор, які разглядае, бадай, асноўны жыццёвы перыяд Максіма Багдановіча, у час якога ён фармаваўся як асоба і творца. А з іншага боку – прыгодніцкі – бо апісвае шматлікія прыгоды, якія надарыліся з паэтам падчас ягонага юнацтва.
З гэтай аповесці можна даведацца шматлікія падрабязнасці з прыватнага жыцця паэта. Ну, напрыклад, пра тое, што ён у дзяцінства адкусіў сам сабе кавалак языка, які затым яму прышыў хірург, а такасама пра тое, што ў юным узросце захапляўся анархізмам.
Апавяданні, якія аб'яднаныя з аповесцю «Паэт» пад адной вокладкай, былі напісаныя ў розныя часы. Тут ёсць і практычна першыя літаратурныя спробы, і найноўшыя аповеды. Аўтарка распавядае і пра сваё дзяцінства, і пра школьныя гады, і пра дарослы досвед. Патрапіў у кнігу і вядомы аповед «Кватэра №0», які ў свой час друкаваўся ў тыднёвіку «Наша Ніва». Гераіня аповеду пасялілася у кватэры, у якой раней стукачы, што супрацоўнічалі з КДБ, сустракаліся са сваімі куратарамі. Якія прывіды наведвалі тое жытло і як пачувалася ў ім гераіня твору – пра гэта аповед.
У аповедах амаль адсутнічае разгорнуты сюжэт. Часам пісьменніцы дастаткова быць проста назіральніцай - апісаць тое, што пабачыла і пачула. Усё гэта стварае адмысловую незавершаную візуальнасць малой прозы Паліны Качатковай.



























