
Пераклады
Wild_Iris
- 1 228 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
У 2011 годзе Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў шведскі паэт Тумас Транстромер. У 2015 годзе яго не стала. Паэты і так не вельмі часта атрымліваюць Нобелеўскую, таму запамінаецца кожны. У 2017 годзе вершы Транстромера ўпершыню выйшлі па-беларуску асобнай кнігай.
У мяне складаныя адносіны з перакладной паэзіяй: я прачытала выдатныя пераклады Уладзіміра Арлова, Лявона Баршчэўскага, Андрэя Хадановіча, Алесі Башарымавай, але за ўсім гэтым ледзь-ледзь для мяне праглядаўся Тумас Транстромер. Аднак, вялікі талент гэтага чалавека бачны нават за перакладамі: у вобразах, якія ён стварае сваімі вершамі, у словах, якія ён выбірае для загалоўках.
Амаль усе вершы зборніка: верлібры ці вершы ў прозе, поўныя эмоцый і пачуццяў. Мы бачым прыгожае ў будзённым, ён рассоўвае рамкі нашых светаадчуванняў і паказвае, што сусвет большы чым тое, што мы звычайна прывыклі бачыць.
А якое ж выдатнае афармленне кнігі: ад колераў да дызайну. Пад бела-блакітнай супервокладкай хаваецца лаканічная белая цвёрдая вокладка. І выдатная ідэя з выкарыстаннем аўтографа аўтара ў афармленні. Унутры таксама прыгожа падабраныя колеры, шрыфт, афармленне загалоўкаў вершаў і раздзелаў. Трымаць такую кнігу ў руках — суцэльнае эстэтычнае задавальненне. Калі б я яшчэ магла чытаць у арыгінале...

Калі пра паэзію можна сказаць, што гэта перадусім метафарычныя тэксты. Дык паэзія шведскага паэта Тумаса Транстромера – супер метафарычная. Гэта проста суцэльная метафара. Прычым такая арыгінальная, што многія асобныя радкі з вершаў моглі б быць асобнымі паўнавартаснымі вершамі.
Ну напрыклад:
Глыбіню снега вымяралі мёртвыя сцябліны.
Або:
У кастрычніку мора халодна блішчыць
спінным плаўніком з міражоў.
Гэтую кнігу пераклалі на беларускую мову найлепшыя беларускія перакладчыкі паэзіі – Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч і Алеся Башарымава.
Уладзімір Арлоў яшчэ паспеў пабачыцца і паразмаўляць са славутым паэтам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, - гэтую сустрэчу ён падрабязна апісаў у прадмове да кнігі “Келіх чырвонага з Нобелеўскім лаўрэатам”.
Істотнае адрозненне паміж шведскай і беларускай паэзіі палягае ў тым, што Швецыя мае мора, якое, бадай, асноўная дзеючая асоба ўсяго шведскага мастацтва. У вершах Транстромера мора прысутнічае нават там, дзе ён не піша пра мора. Вось, напрыклад, страфа з верша пра ліпень.
Той, хто плыве цэлы дзень у лодцы
па хвалях зіхоткіх ф’ёрдаў,
раней ці пазней засынае ўсярэдзіне сіняй лямпы,
а выспы паўзуць па шкле вялікімі матылькамі.
І пры усёй гэтай метафарычнай лавіне, ты разумееш, што гэта не проста абстрактныя мастацкія малюнкі, якія адвольна нараджаюцца ў галаве творцы. А гэта рэфлексіі на рэальныя жыццёвыя назіранні. Паэт можа напісаць верш пра тое, як уначы вяртаецца на аўтамабіле дадому. І гэта будуць захапляльныя і нават крыху містычныя паэтычныя назіранні. Кожны з нас штосьці падобнае бачыў сотні разоў. І толькі так, як іх убачыў паэт, нам не надаралася бачыць. У гэтым і ёсць сіла і таямнічасць сапраўднай паэзіі – убачыць звыклае так, як ніхто да цябе ня бачыў. І Транстромер у гэтым надзвычайны майстра і чараўнік.
Спадзяюся, гэтая кніга будзе карыснай не толькі для аматараў паэзіі, якія здолеюць больш даведацца пра светагляд і светаўспрыманне шведаў праз паэзію выбітнага прадстаўніка гэтага народа, але і для беларускіх паэтаў, якія даведаюцца пра паэтычныя схільнасці сучаснага Нобелеўскага камітэта.