
Кнігарня пісьменніка
Husit
- 130 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Добрая тая кніга, пасля чытання якой твой спіс літаратуры павялічваецца. А яшчэ ёсць людзі, якія сваім захапленнем здольныя натхніць усіх вакол. У гэтым зборніку “прознага” Міхася Скоблы для мяне супалі два гэтыя пункты. Пісьменнік ярка выступіў у якасці папулярызатара творчасці Ларысы Геніюш і Зоські Верас, натхніўшы мяне глыбей пазнаёміцца з творчасцю гэтых нашых таленавітых аўтарак. Здавалася б, даўно знаёмых, але ж такіх, якія кожны раз адкрываюцца з новага боку.
Скобла вядомы як даследчык творчасці літаратаркі з Зэльвы, таму не дзіўна, што Ларысы Геніюш так шмат у гэтай кнізе. Да таго ж спадар Міхась падрыхтаваў да выдання яе перапіску, выбраныя творы, кнігу ўспамінаў і мноства іншых матэрыялаў, за што яму велізарная падзяка. Вельмі раю вам апошні (і самы доўгі) раздзел гэтай кнігі — “Чайка з лётам арліным”, які прысвечаны якраз асобе і творчасці Ларысы Геніюш.
Зборнік “Саркафагі страху”, дарэчы, не толькі пра Верас і Геніюш. Тут вы сустрэнеце мноства эсэ на розныя літаратурныя, культурныя, гістарычныя і нават палітычныя тэмы. Гісторыі з літаратурных вандровак, нечаканыя кніжныя адкрыцці. Тым, хто сочыць за творчасцю Міхася Скоблы ці проста зазірае ў літаратурныя раздзелы на розных сайтах, ці чытае адпаведныя часопісы, многія тэксты будуць знаёмыя, бо раней ужо друкаваліся. Цяпер жа аўтар вырашыў сабраць іх пад адной вокладкай.
Пачынаецца зборнік вельмі актуальным артыкулам пра нашага першага касманаўта, як называе яго Скобла. Не, не пра Пятра Клімука, а пра Язэпа Драздовіча. Ён хоць у космасе і не быў, але ж космасам быў апантаны і прысвяціў яму велізарную частку сваёй творчасці. Спадзяваўся, што калісьці знойдуцца людзі, якія змогуць праверыць усе ягоныя тэорыі. З гэтай надзеяй і ствараў навукова-папулярную кнігу “Нябесныя бегі”, дзе разглядаў такое, што і дагэтуль нам падаецца чымсьці фантастычным. Напрыклад, магчымасць існавання жыцця на кольцах Сатурна. І ў эсэ Скобла робіць добрую заўвагу: “Як гэта важна для мастака — быць пэўным у сваім бачанні свету і Сусвету”. Бо калі сам верыш у тое, што ствараеш, то яно і атрымліваецца больш праўдападобным.
Ёсць у зборніку і даволі прыкрая гісторыя, якая ў цэлым адлюстроўвае сучасны стан існавання беларускай літаратуры і яе дачыненні з дзяржавай. Гісторыя пра тое, як у 2008 быў выдадзены “Слоўнік фразеалагізмаў” Івана Лепешава, з якога рукой галоўнага рэдактара выдавецтва “БелЭн” Генадзя Пашкова была выкінутая вялікая колькасць беларускіх пісьменнікаў. У зборніку Скобла хавае рэдактара за ініцыяламі Г. П., але краіна павінна ведаць сваіх “герояў”. Захоўваем традыцыі Галоўліта ў цэнзуры. Каля 500 цытат 15 выдатных беларускіх аўтараў, многія з якіх ужо сталі класікамі беларускай літаратуры, проста былі выкінутыя са слоўніка. Прычына? Нядобранадзейнасць аўтараў.
Вось што казаў сам складальнік слоўніка Іван Лепешаў:
Разумееце, слоўнік беларускіх фразеалагізмаў без цытат з вершаў Барадуліна? Ды толькі з ягоных цытат можна было зрабіць цэлы том. Нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч таксама са слоўніка выкінулі. Цікава, як бы да яе паставіліся, калі б слоўнік выдаваўся цяпер, пасля ўручэння Нобелеўскай? Такім чынам, некаторыя фразеалагізмы ў слоўніку засталіся нібыта аголенымі, без цытат, якія б паказвалі спосаб іх ужывання.
Добра, што такія гісторыі не замоўчваюцца. Застаецца толькі чакаць, каб слоўнік быў перавыдадзены належным чынам. Але ці пры гэтай уладзе?
Таксама ў зборніку сустракаюцца і Быкаў, і Купала, і Багдановіч, і іншыя, не менш значныя літаратары. Таксама Скобла апісвае свае падарожжы да літаратараў замежных, напрыклад, украінскіх, вандроўкі на розныя літаратурныя фестывалі.
Што ж такое “Саркафагі страху”, адкуль такі яркі і моцны загаловак? Гэта мінуўшчына, якая трымае нас у палоне. Кніга Міхася Скоблы — яшчэ адзін крок па разбурэнні гэтых саркафагаў. Раю вам пазнаёміцца з гэтым аб’ёмным і насычаным зборнікам, які звяртаецца да розных тэм і гістарычных перыядаў, разглядае як творчасць класікаў, так і творы сучасных літаратараў.

Каб напісаць такую кнігу трэба мець сапраўды энцыклапедычныя веды. Міхась Скобла пад адной вокладкай сабраў свае, пераважна літаратуразнаўчыя, артыкулы і эсэ, якія друкаваліся 5-7 гадоў на сайце Радыё Свабода і ў літаратурных перыёдыках. З гэтых артыкулаў нават чалавек добра абазнаны ў беларускай літаратуры абавязкова знойдзе для сябе штосьці новае і цікавае. Прычым аўтар не проста распавядае пра айчынную літаратуру і культуру. Бадай што кожны тэкст у кнізе прысвечаны нейкай праблеме: ці то літвінскаму руху, які хоча пераназваць Беларусь у Літву, ці то скалечанай цэнзарамі і рэдактарамі спадчыне Уладзіміра Жылькі, ці то дыскусіі адносна перавозу парэштак Максіма Багдановіча з Ялты ў Беларусь. І кожны падобны тэкст проста “уквечаны” рознымі гісторыямі, цытатамі, спасылкамі і думкамі вядомых людзей. І тут энцыклапедычныя веды Скоблы проста фантануюць вясёлкавымі гейзерамі. І калі ты возмешся чытаць пра магілу Багдановіча, то паралельна даведаешся, дзе яшчэ па-за межамі Беларусі пахаваныя славутыя беларускія паэты, што меркавала пра перапахаванне Багдановіча Ларыса Геніюш і пра тое, як чэхі зрабілі свой нацыянальны пантэон.
Да кожнай праблемы Скобла падыходзіць з дзяржаўнай удумлівасцю і разважлівасцю. Прапановы па перайменаванне Беларусі Міхась называе распляценнем палатна. Сотні, а можа і тысячы, славутых дзеячоў культуры не адно стагоддзе ткалі габелен пад назвай Беларусь. І што, зараз трэба яго расплесці і пачаць ткаць па-новаму? То бок усю працу папярэднікаў назваць памылковай? – эмацыйна пытаецца ў чытача Скобла. І сам адказвае на гэтае пытанне: не гуляйма з агнём і не падпускайма да беларускіх кроснаў сумнеўных тыпаў, мэта якіх адна –распляценне палатна. Вось так – і паэтычна, і злабадзённа, і вобразна, і пераканаўча.
Ну і не магла кніга абыйсціся без тэкстаў пра Ларысу Геніюш. Менавіта Скобла стаў галоўным даследчыкам яе творчасці і ўкладальнікам яе кніг. Акрамя прадмоў да кніг паэткі, у зборніку змешчаны біяграфічны нарыс пра Ларысу Геніюш “Чайка з лётам арліным”. Гэта бадай што квінтэсенцыя ўсяго, што сёння вядома пра нязломную паэтку.
З чаго складаецца абарончая сцяна Беларусі? – пытаецца ў эсэ “Наш абарончы мур” Скобла і адказвае: з кніг. З тысячаў і мільёнаў кніг, якія леглі ў тую сцяну замест цаглінаў і камянёў. Вось і кніга Міхася Скоблы “Саркафагі страху” – важкая, трывалая цагліна ў наш абарончы мур. І з гэтым варта павіншаваць аўтара.

Для пільных беларускіх памежнікаў кніга — тавар кантрабандны. Як наркотык ці зброя. Паспрабуйце ў прысутнасці суворага чалавека ў пагонах прызнацца, што ўвозіце ў Беларусь кнігі, — і вас будуць абшукваць доўга і настойліва.

Спадчына Ларысы Геніюш — як калодзеж: на паверхні толькі некалькі цыбравінаў, астатнія — на глыбіні. І чым глыбей зачэрпнеш, тым чысцейшае і смачнейшае пітво…