__ Советское книгоиздание. 1981-1984
arxivarius
- 362 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
Назва і вокладка гэтай кнігі ўводзіць у зман. Ствараецца ўражанне, што гэта цалкам патрыятычная кніга змагання. Але, калі з ёй пазнаёмішся, дык пабачыш, што змагання ў зборніку не вельмі шмат, хаця яно сапраўды ёсць. Але перадусім гэта вершы пра родную Мядзельшчыну, пра жыццё беларускага селяніна, пра прыгажосць Нарачы, а таксама пра горад, які стаў жыцёвым універсітэтам паэта – Вільню.
Пры ўсёй ваянічасці псеўданіма, Максім Танк, канешне, - гэта пранікнёны лірык. Ужо ў яго першай кнізе гэтая лірыка праявілася напоўніцу. І з першай кнігі Максім Танк пачаў апяваць галоўны дыямент яго малой радзімы – возера Нарач. Гэта заўважыў і аўтар прадмовы да зборніка Р. Баравы, напісаўшы: “Яна (Нарач. - АА) нібы пакрыўдзілася, што так доўга абміналі яе ў беларускай паэзіі, і пакрыўдзіўшыся пасылае туды свайго прадстаўніка – маладога песьняра”.
Пры ўсіх сваіх сялянскіх каранях, менаваміта Максім Танк стаў адным з пачынальнікаў беларускай урбаністычнай паэзіі. Жывучы ў Вільні ён не мог не пісаць пра гэты цудоўны горад. Ёсць у зборніку верш, які так і называецца “Вільня”.
Іду, а дрэвы штосць гавораць…
аблеплен гразьзю, мокрым сьнегам.
Ну дзе-ж прытуліш мяне, горад,
мяне прытуліш без начлегу?
Але ўтрымлівае кніга і вершы змагання. Большасць з іх сабраныя ў раздзел, які так і называецца “На этапах”. У вершы “У маршы” паэт адзначае, што жыць яму выпала ў вялікія дні - на пераломе.
Жыць нам прышлося вялікімі днямі,
на пераломе
жалеза і песьняў, -
ў новых маланках, ў новым громе
молатам выкутых песьняў.
Як адзначаюць літаратуразнаўцы: у ранніх кнігах Максім Танк выступае спеваком барацьбы беларускага народа за нацыянальнае вызваленне, у поспех якой ён зацята верыў.
I вер, што хопіць сілаў –
удары грому спынім.
Ня згінулі дагэтуль –
ў баю тым-больш ня згінем!

***
Мы не памрэм, хоць шмат магілаў
На шляху нашым, на барознах.
Народ ўстае з магутнай сілай
непераможны,
горды,
грозны.
I там, дзе сёньня напрадвесьні
Зара калышэцца загарам,
дзе сяньня звоняць нашы песьні, –
там ўспыхнуць полымя пажараў.
Мы не памрэм, а з новай сілай
ускалыхнём жыцьцём вастрожным.
Народ устане,
як уставаў з старых магілаў
Непераможны,
горды,
грозны.

***
Ня плач, яшчэ зарана,
хоць адступілі ўчора.
Зацісьні моцна рану.
Няхай сьмяецца вораг!
Выходзьце на дарогу,
ў паход шчыльней радамі!
Ты ведай, перамога
ужо не за гарамі.
Цаніць байцоў умеем:
народнымі рукамі –
глядзі – магілы паўшых,
убраныя вянкамі…
I вер, што хопіць сілаў --
удары грому спынім.
Ня згінулі дагэтуль –
ў баю тым-больш ня згінем!