Я ведаю: я загiну,
Загiну i не ўваскрэсну,
I ўсё ж за народы змагацца
Пакiну кагорты свае,
I будуць магутнымі словы,
I пераможнымі — песні,
Нават тады, калі прахам
Стануць косцi мае.
Такiя байцы не ўцякуць,
Такія сябры не здрадзяць,
Добрыя, як паветра,
Надзейныя, як свiнец.
А потым настане бітва,
Бітва пры Рагнарадзі,
I чалавецтву старому
Прыйдзе паўсюль канец.
Гэта будзе, напэўна,
Ранiцай яснага мая,
Тады з не крывёю паэты
Параўноўваць будуць зару.
Зброя не будзе патрэбнай —
I людзі яе зламаюць,
Героi не будуць патрэбны —
I ў бітве апошняй памруць.
I лёсам нашчадкаў будуць
Толькі кахання раны,
I толькі аднойчы мужчына
Пралье жыватворную кроў,
I шчасце будзе нясцерпным,
Бы ад сліцця з каханай,
Толькі не два імгненні,
А тысячы тысяч вякоў.
Пралескі спакойна будуць
Квітнець на светлым прадвесні,
А дзеці — гуляць жалудамі
Пасаджаных намі дубоў,
I людзям не будуць патрэбны
Мае iржавыя песнi,
I людзям не будуць патрэбны
Мой боль і мая любоў…
Думы мае загiнуць,
Думы гневу i радасцi,
Народжаныя ў пакутах
Тысяч бяссонных начэй.
. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .
Прыйдзi, маё Рагнарадзi,
Прыйдзi, маё Рагнарадзi,
Няхай забыццё, Рагнарадзi.
Прыходзь.
Наступай.
Хутчэй…