— Пыха, — заўважыла Мэры, якая захаплялася грунтоўнасцю ўласных разваг, — падаецца мне вельмі распаўсюджанай заганай. Усе кнігі, якія я прачытала, пераканалі мяне, што яна напраўду шырока распаўсюдзілася: чалавек мае да яе надзвычайную прыродную схільнасць, і мала хто сярод нас не песціць у душы пачуцця самазадаволенасці, якое нам дае тая ці іншая наша якасць, сапраўдная ці выдуманая. Пыха і славалюбства, між іншага, — вельмі розныя рэчы, хоць гэтыя словы часта ўжываюцца як сінонімы. Чалавек можа быць пыхлівым і не быць славалюбам. Пыха — гэта пачуццё, звязанае з нашым меркаваннем пра сябе, славалюбства — з тым меркаваннем пра нас, якога мы прагнем ад іншых.