
Апошнім часам у Беларусі выйшла шмат гістарычных кніг. Некаторыя з іх утрымліваюць аўтарскую трактоўку гісторыі Беларусі, якая досыць істотна адрозніваецца ад звыклай акадэмічнай. Але гэтая кніга Алега Трусава яшчэ больш незвычайная – яна апісвае беларускія этнічныя тэрыторыі і анклавы, якія сёння не ўваходзяць у склад Рэспублікі Беларусь. Чытач у гэтай кнізе шмат даведаецца новага. Калі пра беларускасць Віленскага краю, Беласточчыны і Смаленшчыны досыць шырока вядома, дык пра беларускую повязь з такімі мясцінамі як Пскоўшчына, Браншчына, Цвярская зямля, латгальскае Падзвінне – паспаліты беларус амаль нічога не ведае. З кнігі можна даведацца ўвогуле неверагодныя рэчы, напрыклад, пра тое, што Вялікае княства Літоўскае ў XVII стагоддзі нейкі час валодала калоніямі ў Афрыцы – краінай Гамбія і выспай Табага ў Вест-Індыі. Калоніі гэтыя належылі Курляндыі, якая з’яўлялася аўтаномнай часткай Вялікага княства Літоўскага.
Доўгі час жыхары Полацкага княства жылі ў адной культуралагічнай і эканамічнай прасторы з Пскоўскім і Смаленскім княствамі, якія таксама былі створаныя крывічамі. З кнігі можна даведацца не толькі пра супольны гістарычны лёс з гэтымі землямі, але і пра падзеі найноўшай гісторыі ХХ стагоддзя. А таксама пра тых людзей, якія нарадзіліся па-за межамі сённяшняй Беларусі, але сталі знанымі дзеячамі беларускай культуры і ўвогуле беларускага адраджэння. А таксама пра актыўнае беларускае жыццё, якое існавала ў Дзвінску (цяперашнім Даўгаўпілсе) у 20-х гадах мінулага стагоддзя.
Асобны раздзел прысвечаны незвычайнай краіне, якая паўстала ў 1920 годзе вакол Вільні – Сярэдняя Літва. Частка тэрыторыі гэтай марыянеткавай краіны складалі сённяшнія беларускія землі з такімі гарадамі як Смаргонь і Ашмяны. На тэрыторыі Сярэдняй Літвы жыло 530 тысяч чалавек, з іх беларусы складалі 40 адсоткаў. Дарэчы сам генерал Люцыян Жалігоўскі, які з дапамогай свайго войска і стварыў гэтую часовую дзяржаву, паходзіў з Ашмян. Частка дзеячоў беларускага адраджэння з прыхільнасцю ўспрынялі стварэнне краіны Сярэдняя Літва. Сярод сімпатыкаў Жалігоўскага былі Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі і ксёндз Адам Станкевіч. Але іх спадзяванні на тое, што новая краіна стане родным домам для беларусаў не спраўдзілася. А ўжо ў 1922 годзе Сярэдняя Літва перастала існаваць і ў якасці Віленскага ваяводства была далучана да Польшчы.
У савецкія часы пра Сярэднюю Літву зусім не згадвалася ў школьных і ўніверсітэцкіх падручніках. І толькі зараз, у тым ліку і з дапамогай гэтай кнігі, гістарычная праўда вяртаецца да беларусаў.
Варта яшчэ дадаць, што другое выданне гэтай кнігі выйшла ў дзвюх мовах – па-беларуску і па-ангельску. Такім чынам кніга стала даступнай для замежнага чытача.























