Я слухаю, слухаю, а пасьля кажу: «Дазвольце, таварышы, і мне сказаць колькі словаў! Я, праўда, ня ведаю, як выглядае становішча работніка ў Англіі, але добра ведаю, як жывецца ў Саветах. Я толькі ўчора прыехаў адтуль. У якасьці доказу пакажу вам білет ад Смаленску да Менску і апошні нумар «Известий». Мог бы вам паказаць партыйны білет, але лічу гэта лішнім». І пачаў апавядаць ім, які страшны голад пануе на вёсцы. Якую нястачу церпяць рабочыя. Як ГПУ забівае грамадзянаў і сацыялістычных дзеячоў, якіх яшчэ не пазабівалі. У «Цэка» і народных камісарыятах няма ніводнага пралетара. Што там работнік за год не заробіць столькі, колькі ангельскі работнік за два тыдні. Жанчыны працуюць на цяжкіх работах, нават у шахтах, пад зямлёй. Што расстрэльваюць тысячамі. Што забаронена ладзіць страйкі ці хаця б дамагацца паляпшэньня ўмоў жыцьця. Што сотні тысяч беспрытульных бадзяюцца па Расеі. Адны паміраюць, іншыя вырастаюць. Што Масква кіруе саюзнымі рэспублікамі, не зважаючы на інтарэсы іх насельніцтва. Што разьбежнасьць заробкаў вялізарная. Што на рынках нічога ня можна купіць. Што пасьля апошняй «чысткі» з партыі выкінулі 300 000 камуністаў. Што сярод партыйных квітнеюць азартныя гульні, п’янства, злачыннасьць. Што сяляне і рабочыя, якія бачаць сваю крыўду, ужываюць пасіўны сабатаж. Што калі б мяжа была адкрытая і калі б савецкім грамадзянам у буржуазных дзяржавах было забясьпечанае такое існаваньне, якое тут мае найгоршы работнік, то засталіся б там толькі камісары і агенты ГПУ. Што партыйныя таварышы зацята б’юцца за лепшае месца, не зважаючы на інтарэсы партыі і сацыялістычную этыку.