Бачыць самога сябе з вялікай адлегласці бывае вельмі прыемна. Бо бачыш не проста самога сябе, а сябе найлепшага, без памылак-грахоў і балючых дакораў сумлення. Бачыць сябе таго - дапытлівага, чыстага, вясёлага - выразна бачыць, дзякуючы дараванай узростам ды вопытам дальназоркасці, мудра асцерагаючыся залішняга самалюбавання, прэсна расчуленага на старэчы лад, - тут адчуванне незвычайнае, крыху падобнае да таго хвалявання, з якім разглядаеш ніколі дагэтуль не бачаны твой вельмі даўні фотаздымак, які ў кагосьці нейкім цудам захаваўся.