Ужо ў іх было аднойчы, - праўда, не тут, па той бок чыгункі, - калі маленькая группа іх, акружэнцаў, блукала некалькі дзён па лясах, шукала партызан. Яны знайшлі іх, трох чалавек з мясцовых работнікаў, пакінутых дзеля арганізацыі партызанскага руху, - тыя сядзелі ў лясной яме далёка ад жылля і пяклі ў касцярку бульбу. Ні добрае зброі, ні якога прыпасу ў іх не было, як не было і колькі-небудзь акрэсленага плана хоць бы на недалёкае будучае.Сярод траіх не было нават камандзіра, каторы перад тым, пакінуўшы іх тут, назваўся хворым і вярнуўся да сям'і ў мястэчка. Яны, чацвёра акружэнцаў, знайшлі яго на кватэры і пацікавіліся, чым жа ён мае намер займацца далей, - падумалі, мо хоча падацца ў паліцыю і выдаць немцам усе лясныя прыпасы. Аказалася, да немцаў той перабягаць не збіраўся, але ўжо няблага ўладкаваўся і пры новай уладзе: жыве дома і майструе на базар ручныя млыны-цёркі. Ну і яшчэ карыстаецца сім-тым з партызанскіх прыпасаў, схованкі якіх вядомы яму аднаму і якімі ён абдзяляе радню. Ісці ў лес ён пакуль што не меў ахвоты - наперадзе зіма, сцюжа, а ў яго слабае здароўе. Хіба што вясной, калі да таго часу не разаб'юць немцаў.
Яны так раззлаваліся тады, што ён кепска скончыў, той няўдачлівы партызанскі арганізатар.