Не расце цяпер лес, як даўней! Вось глянеш на кавалак даўнейшага чоўна, дык дзіва бярэ, дзе магло вырасці гэткае дрэва, які грунт узгадаваў гэтакую веліч? Паглядзіш, змяркуеш і ― такім пышным і мілым малюецца ў думках абраз старавіны, што Божа мой мілы! Робіцца сумна, нядобра... Як яснае слонца чорнаю хмараю, засцілаецца сэрца смуткам і жальбою. Стаіш, як прыкуты, глядзіш, як непрытомны, ды ― марыш і марыш бясконца. І здаецца, што не было даўней ліха на свеце, што не ведалі людзі сучаснай галоты, бяды і ўціску, а ўсім было добра, спакойна і вольна. І слонца, здаецца, свяціла яскравей, грунт быў чарней, ураджайней, і скрозь панавалі прастор і краса. Ды знікла ўсё гэта, растала, як мара, і не вернецца болей ніколі, як маладосць наша, як першае наша каханне...