Немец, які зіркаў на мяне са свайго месца, мабыць, падумаў, што я пасміхаюся, бо мне прыемна было яму дапамагчы. Дурань! Здаецца, той тып шчасця, які адчуваў я цяпер, зусім не вядомы прадстаўнікам ягонай цывілізацыі. Для іх немагчыма жыць і ведаць, што заўтра цябе возьмуць. А калі не заўтра — дык паслязаўтра. Але мы з гэтым жывём. Усе мы. Мы з гэтым шчаслівыя. Шчаслівыя на адзін момант, бо ўжо праз хвіліну шчасце азмрочыцца ад цёмных думак ці няпэўных чаканняў. Ды ў тым і ёсць цуд шчасця, што яно заўсёды — на секунду. Міргнуў — і яго няма. А таму трэба не міргаць як мага даўжэй.