Пяць мужчынаў у белых цыліндрах і з рэклямнымі дошкамі прайшлі зьмейкай між рагом Моніпэні й пастамантам, на якім не стаяла статуя Вулфа Тона, завярнуліся, паказваючы H.E.L.Y. 'S., і пашкандыбалі назад, адкуль прыйшлі.
Потым яна ўставіла зрок на вялікую афішу Марыі Кэндал, чаро (ўнай субрэткі, і, млява адкінуўшыся, пачала крамзоліць у нататніку шаснаццаткі й вялікія эсы. Гарчычныя валасы й падружаваныя шчокі. Ці ж яна прыгожая, га? Тое, як яна задзірае свой ашмотак сукенчыны. Цікава, ці ён сёньня прыйдзе на танцы. Калі б намовіць тую краўчыху, каб мне зрабіла плісаваную спаднічку, як у Сюзі Нэгл. Яны падаюць покатам. Шэнан і ўсе тузы зь яхтклюбу вачэй зь яе ня зводзілі. Спадзяюся, ён не затрымае мяне тут да сёмай.
Тэлефон рэзка пазваніў у яе каля вуха.
— Алё. Так, сэр. Не, сэр. Так, сэр. Пазваню ім па пятай. Толькі гэтыя два, сэр, у Бэлфаст і Лівэрпул. Добра, сэр. Дык я магу йсьці па шостай, калі вы ня вернецеся. Чвэрць па. Так, сэр. Дваццаць сем і шэсьць. Я яму скажу. Так: адзін, сем, шэсьць.
Яна накрэмзала на канвэрце тры лічбы.
— Містэр Бойлан! Алё! Сюды заходзіў і шукаў вас той джэнтльмэн са ”Спорту”, містэр Лэнэган, так. Сказаў, што а чацьвёртай будзе ў Ормандзе. Не, сэр. Так, сэр. Я пазваню ім па пятай.