
Современная белорусская литература: что читать? | Сучасная беларуская лiтаратура: што чытаць?
Morrigan_sher
- 354 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
Гэтая кніга Сяргея Дубаўца практычна з’яўляецца працягам папярэдніх, такіх як “Русская кніга”, “Дзённік прыватнага чалавека”, “Вострая Брама”, “Як? Азбука паводзінаў”. Усе яны прысвечаны станаўленню беларускай самасвядомасці, нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, нацыянальнаму будаўніцтву. Сяргей Дубавец, поруч з Зянонам Пазьняком, бадай з’яўляецца галоўным тэарэтыкам сучаснага беларускага нацыяналізму, паслядоўнікам справы братоў Антона і Івана Луцкевічаў, Вацлава Ластоўскага. Бо працэс фармавання беларускай нацыі не завершаны, а незалежнасць краіны Беларусь усё яшчэ знаходзіцца ў небясьпечнай зоне.
Новая кніга называецца Errata – гэта паліграфічны тэрмін, які абазначае аркушык з пералікам выяўленых памылак друку ўжо надрукаванага выдання, які ўкладаўся ў кнігу. У анатацыі да зборніка пазначана, што “аўтар разглядае абсурдныя павароты беларускага лёсу, якія кожнага разу пачынаюцца з падмены словаў. (...) Падмена назваў і сэнсаў – скразная тэма кнігі”.
Кніга падзелена на тры часткі: “Словы”, “Мова”, “Народ”. Зборнік складаецца з невялікіх эсэ, якія можна друкаваць на ўлётках і распаўсюджваць сярод жыхароў Беларусі. З гэтых улётак можна даведацца пра “асаблівасці нацыянальнага самапрыніжэння”, пра тое, што “быць беларусам – гэта работа”, пра невынішчальны “ген беларуса”.
У раздзеле “Мова” Дубавец чарговы раз нагадвае, што Беларусь – гэта перадусім мова. “Сённяшняя білінгвістычная Беларусь – спрэс шызафрэнічная”, піша аўтар і прыводзіць прыклады. І цяжка з ім не пагадзіцца. Беларусь мае перспектыву толькі як беларуская Беларусь, сцвярджае Дубавец, у іншым выпадку паглынанне Беларусі Расеяй толькі справа часу.
У раздзеле “Народ” аўтар спрабуе разгадаць феномен паўставання беларусаў у 19 стагоддзі, калі пасля перапісу 1897 года выявілася, што ў Расейскай імперыі жыве 6 мільёнаў беларусаў. Адкуль яны ўзяліся? Што прымусіла жыхароў гэтага краю, якія раней ня мелі беларускай дзяржаўнасці, назвацца беларусамі? Над гэтымі пытаннямі і разважае аўтар.
Значную частку кнігі заўмаюць матэрыялы пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі 20-30 гадоў. І як так сталася, што сённяшняя беларуская наменклатура, якая ў большасці паходзіць з сем’яў рэпрэсаваных, атаясамляе сябе з тымі, хто гэтыя рэпрэсіі ажыццяўляў.
Адно з эсэ кнігі заканчаецца наступнымі словамі: “Так і жывем, і ніяк не дачакаемся абуджэння нацыянальнае памяці і нацыянальнае волі. Так і будзем жыць, пакуль будзем звычайным тлумам, насельніцтвам, запаўняльнікамі прасторы, пакуль ня станем народам і нацыяй”.

Першая кніга аўтара, якую я прачытаў. Потым з задавальненнем прыняўся за астатнія яго кнігі. Сяргей Дубавец - адзін са слупоў літаратурнай (і грамадска-палітычнай) суполкі "Тутэйшыя", рэдактар адноўленай "Нашай Нівы", чалавек, які ставіцца з вялікай адказнасцю да кожнага свайго слова (што даказваюць яго публікацыі). Проста цікавая і вартая ўвагі кніга.









