
Зямля і сям"я
Раман пачынаўся вельмі інтрыгуюча. Ратучы ад нападу гвалтаўнікоў малодшую сястру, старэйшая Маня прыкідваецца дурненькай і падатлівай і кідаецца ў рэчку разам з мужчынам, які на іх напаў. Пасля такога пачатку чакалася, што ўвесь твор будзе захапляльна-эпічным, накшталт “Ціхага Дону”. На ўзровень Шолахава аўтар, праўда, не выйшаў, але кніга атрымалася даволі цікавая. Галава вялікай сям”і, гаспадарлівы, але не вельмі вязучы селянін апантаны справедчнай марай пра ўласную зямлю. Нечакана палітычная сітуацыя дазваляе яму ажыццявіць свае запаветныя надзеі. Гісторыя ж адбываецца ў Заходняй Беларусі, ў 30-х гадах. Якраз у гэты час памірае Пілсудскі, і зямляўладальнікі пачынаюць распрадаваць нерухомасць, лічачы, што грошы больш надзейная рэч, чым зямля, якую можна страціць у выніку змены ўлады ў краіне. У вялікай сям”і новаспечанага гаспадара хутара — пяцёра дзяцей. Працаваць, здавалася б, ёсць каму. Але неяк усё не ладна… Старэйшая дачка загінула, малодшая “прынясла байструка”, адзін сын пачаў спачуваць чырвоным, другога — хітрасцю прымусілі шпіёніць за братам. Надзея засталася толькі на самага малодшага… Па ўсіх законах жанру кніга павінна была б закончыцца стратай гэтай даўгачаканай зямлі або думкамі, што не ў ёй шчасце. Але ўсё заканчваецца ўнутрысямейнай трагедыяй: бацька памылкова забівае сына сякерай, якую той калісьці яму падарыў. Адсюль і “крык на хутары”. Відавочна, что і зямлю праз некаторы час забяруць, бо прыдуць чырвоныя і ўсё будзе нацыяналізавана. Асаблівы каларыт надае твору апісанне брэсцкага Палесся: ракі Гарынь, якая разліваючыся зносіць хаты і двары, іншых прыродных з”яў і краявідаў. Дарэчы, да таго як купіць зямлю галоўны герой з сынамі гандляваў у горадзе …марожаным, якое тут называецца “лёды”…





























