
"Кантынэнтальны сьняданак" - лёгкая й займальная кніга, якая чытаецца літаральна за гадзіну. Эфект лёгкасьцьі дасягаецца безумоўным майстэрствам аўтара, у якога кожнае слова як пушнінка, плаўна зьвязваецца з наступным. Аднак хочацца адзначыць, што гэтая кніга мне спадабалася трошкі менш за папярэднія. Магчыма, я проста не аматар пахабных гісторый, дзе праз старонку чэлесы й мінеты:) Увогуле, падобных твораў мала ў сучаснай беларускай літаратуры. Гэта абсалютна новая, яркая й дынамічная літаратура. Арыгінальныя гісторыі, пададзеныя добрай мовай, якую прыемна чытаць Аўтар валодае безумоўным талентам у апісаньні людзей. Яны атрымліваюцца вельмі яркімі й вобразнымі. Некалькі словаў - і вось перад табой ужо стаіць жывы чалавек, жанчына "падобная на доўгую рыбу зь вялікім мясістым носам, які нагадвае авакада, й маленькімі чорнымі вочкамі-апалонікамі, што кружляюць у вачніцах хутка й амаль без гарманічнага ўнісону". Асабліва трэба адзначыць вокладку кнігі, зробленую Васілісай Палянінай-Календай, жонкай аўтара. Багацьце фарбаў прываблівае ўвагу да кнігі. Хочацца ўважліва разглядаць кожную дэталь малюнка. Немагчыма пастаянна чытаць адну толькі клясыку. Літаратура йдзе наперад, разьвіваецца, і таму мы мусім чытаць ня толькі творы "пра цяжкі лёс беларускага народа", "пра мужнасьць беларускага народа ў час вайны", "пра веліч і хараство беларускай прыроды". Сьвет зьмяняецца, мы зьмяняемся разам зь ім, а таксама зьмяняюцца нашы інтарэсы, таму абсалютна слушна, што новая літаратура ўзьнікае згодна з нашымі культурнымі патрабаваньнямі. Варта чытаць гэтую кнігу, бо яна блізкая да нашага жыцьця, мадэрновая й актуальная. Аўтар шчыра вітае нас у мітычным гатэлі, сьвеце пакаёвак, цырульнікаў і мэнэджэраў. P. S. Аднак, на жаль, гэтая кніга не зачапіла мяне так, як папярэднія кнігі Сяргея Календы.

























