
Ляцець на адным крыле
Як вы зразумелі з назвы, размова пойдзе пра аповесць Янкі Сіпакова "Крыло цішыні" (1976). Твор аўтабіяграфічны, бо аўтар, які і галоўны герой Ясь рана страціў бацькоў у час Вялікай Айчыннай вайны за сувязь з партызанамі, іх закатавалі гестапаўцы. Выхоўваўся ў цёткі Аляксандры Іванаўны, бацькавай сястры, якая за выратаванне яго і дзвюх сясцёр была ўзнагароджана медалём "За баявыя заслугі" - біяграфічная даведка. Уражлівы момант у творы, калі цётцы адмаўляюць у дапамозе ўзараць зямлю суседзі Гасціла (за тое, што не дала ненадоўга панасіць бацькаў касцюм як памяць) і Марка Клёцка (які быў сквапны, хітры і яго ў вёсцы не любілі многія).
Вучыўся ў Зубрэвіцкай сярэдняй школе і адначасова працаваў паштальёнам.
Каб не рэальны факт, то сказаў бы, што цікавая аўтарская знаходка - апісаць жыццё аднавяскоўцаў вачамі хлопчыка, які разносіць лісты. Ясь адзначае, што ўсе героі падобныя да сваіх хат, да рэч, да жывёл (Рагатуны падобныя да гарлачыкаў, якіх было шмат у іх хаце) ці наадварот супрацьпастаўляюцца: у спакойнай Ядохі - злая Лайда, а ў злой Таццяны - спакойны сабака.Твор выклівае шмат эмоцый, хаця і не надта падзейны з экстрымальным сюжэтам, а з павольнымі ўспамінамі і побытам... Але ж вернемся да цёткі, якая пачала сама араць зямлю. Аднак, у вёсцы было і шмат добрых людзей, і ёй дапамог Туньцік, а пасля і сам шасцікласнік Ясь узяўся араць. Прынамсі, вясковыя дзеці рана сталеюць, асабліва якія перажылі вайну, нават і цыгарэтку скруціць могуць. Маюць права, бо дарослыя і працуюць. Тут узгадваецца гісторыя, калі Ясь з Раманам запрэглі Шнэля і паехалі па дровы - шчымлівы расповед пра адносіны хлопчыка і жывёліны, якую ён пачаў мудохаць, бо конь быў слабы і не мог пацягнуць дровы, а трэба было хутчэй, бо з'явіўся ляснік. Усё ж большасць персанажаў Я. Сіпакова добрыя. Нават дзеда Халандзёнка называюць такім. Гэта добра прапісаны, гумарыстычны, з'едлівы тыпаж, якіх нямала ў літаратуры (шолахаўскі Шчукар, дудараўскі Гастрыт). Хаця б эпізод, калі беларуска нараджала ад немца, а дзед сядзеў на лаўцы і чакаў, ці загергеча па-нямецку немаўля? Па аповесцях і апавяданнях пісьменніка пастаўлены тэлефільмы і тэлеспектаклі. Апошні жанр лічаць непапулярным, маўляў, ён не збірае рэйтынгі тэлеаўдыторыі, а я лічу, што ў гэтым жа жанры сёння робяцца многія праграмы і рэаліці-шоу, куды зачастую запрашаюцца акцёры ("Суд ідзе", "Бітва экстрасенсаў", "Справы сямейныя" і інш.). Жанр застаўся, але якасць пакідае чакаць лепшага. Але вернемся да "Крыла цішыні", якое ў 1978 г. узяло галоўны прыз усесаюзнага фестываля тэлевізійных спектакляў. Твор, безумоўна, пра вайну, але пра яе распавядаюць старэйшыя і адчуваюць дзеці, якія нарадзіліся падчас вайны і пасля яе. Рэха вайны ў бязногіх (дзед Сянчыла, брыгадзір Дзямідзька), сляпых (Саўка) і нават у "завушніцах" і "пярсцёнках", якія рабіў Марка Клёцка з алюмінія ад самалёта, што застаўся пасля вайны. Рэха вайны і ў лістах, калі пішуць родныя, якіх раскідала па свеце: у лістах хлопчыка, які перажыў блакаду ў Ленінградзе, у лістах былога паліцая, што хаваецца на лесанарыхтоўках у Карэліі і г.д. Успаміны. Ясь слухае старэйшых. Так, пачуў ён і гісторыю Хмыза. Яна перагукаецца з гісторыяй чыгрынаўскага Зазыбы, якому шкада было паліць хлеб, што не павінен быў дастацца немцам, а ў І. Чыгрынава таксама было апаленае вайной маленства.
...І ці паверыш, сталі і стаім перад гэтай сцяной: ніхто не асмельваецца першым увайсці ў жыта, пачаць таптаць хлеб. Ведаем, што ўсё гэта недарэчна - немцы ж далёка, - а ўсё роўна стаім, як дурні, ля жыта і топчамся.
Талент Я. Сіпакова ў тым, што ён робіць уражанне на чытача сваімі сінтаксічнымі канструкцыямі, паўторамі і іншымі сродкамі паэтычнага сінтаксісу:
- Мужчына, чуеш, называецца. Каня, чуеш, запрэгчы не ўмее, - калі настаўнік злаваўся, ён сваё "чуеш" паўтараў як не за кожным словам. - Каня, чуеш, б'е. А ты ведаеш, што той, хто паднімае на жывёліну руку, сам дужа слабы чалавек.
Гэта словы спагадлівага і добрага чалавека, які сам прайшоў вайну, але нават злую Лайду не ацяў камнем, бо пашкадаваў. Гісторыі герояў - гэта апавяданні ў апавяданні. Успамінаў у творы шмат, але дзеянні адбываюцца напрацягу дня. Калі ў "Крыле цішыні" ўспаміны аўтара (праўда, назву роднай вёскі Зубрынічы замяніў на Сябрынь ), то ў наступных творах ён увогуле звернецца да гістарычнай тэматыкі: да 1812 г., да часоў Міндоўга, да асобы Кастуся Каліноўскага і інш. Рэха вайны - і ў падрыве маладых Цыцы і раёўшчынскай нявесты на міне, якая засталася пасля вайны. У пасляслоўі аўтар напіша, што вайна не скончылася ў памяці людзей. Я адзначаў, што сюжэт запаволены, таму выбух у канцы стварае той кантраст, якога імкнуўся аўтар, напэўна, загадзя. У размове Хмыза і Паўліка 2 пазіцыі паказу вайны. Першая, калі ў 60-70-х гг. паказваецца жорсткасць і гуманізм на вайне (не стрэліў у фашыста) - другая, калі ў 40-50-ыя казалі: фашыст - значыць трэба забіць! Ясь прысутнічае пры размове, бачыць усё вачамі хлапчука, таму і твор трэба чытаць не як расповяд, а як пераказ. Пераказ падзей, а не паказ ("Птушкі і гнёзды" Янкі Брыля). У пасляслоўі Я. Сіпакоў нават піша, што быў побач з гэтым хлопчыкам, а мы даведваемся прычыны адмоўных рыс многіх герояў, аднак цалкам яны ўсе добрыя, нават Марка дорыць пярсцёнкі маладым. Ясь апраўдвае іх, маўляў, не здольныя да навукі, а жыць трэба. Дзяўчынка, якая нараджаецца ў Настачкі, сімвалізуе мір. Курсівам у творы набраны лірычныя адступленні, у якіх думкі сталага чалавека, дзе стылістычныя асаблівасці Я. Сіпакова зноў нельга не ўбачыць:
З таго часу я дужа люблю ўсё зялёнае. Зялёны луг - да ачмурэння. Зялёныя дрэвы - да замілавання. Зялёнае неба - да слёз.
Твор не дзіцячы, бо ўздымае дарослыя праблемы. І назва ў яго сімвалічная. "Крыло цішыні" - птушка, у якой адно крыло, а з адным - ляцець нельга. Як напамін пра вайну, другое крыло застаецца з героямі, быццам драўляная нага дзядзькі Дзямідзькі. І ўсё ж яны, творы і героі Янкі Сіпакова, ляцяць на адным крыле!




























