Рецензия на книгу
Двое на вуліцы
Янка Сіпакоў
Aksana8121 июля 2012 г.Па гамбургскім рахунку
Янка Сіпакоў. "Двое на вуліцы".
Выбранае. "Мастацкая літаратура", 2011.
Для каго робіцца выбранае? Чамусьці хочацца спадзявацца, што гэта не проста абавязковы элемент юбілейнай рэвізіі літаратуры: чакалася, што 2011 год будзе юбілейным для Янкі Сіпакова, але ён, на жаль, стаў і годам смерці. Перавыданне выбраных твораў пісьменніка, ужо прачытаных пакаленнем яго равеснікаў і трохі маладзейшымі чытачамі, выглядае абсалютнай навінкай у вачах новай генерацыі чытачоў.
Вядома, ніхто не забароніць даўнім прыхільнікам творчасці Я. Сіпакова перачытаць тэксты і параўнаць уражанні, але вельмі цікавым выпрабаваннем выглядае першае чытанне праз 30-40 гадоў пасля напісання твораў.
Вядома, у тэкстах ёсць пазнакі часу, і гэта найперш стыль. У 1970-я гг. пісьменнікі ўмелі (зрэшты, ад іх гэта негалосна патрабавалася) выяўляць майстэрства ў апісаннях прыроды. Гэта было тое пакаленне літаратараў, якое правяло дзяцінства ў вёсцы, а рэалізоўвала свае таленты ў горадзе. І, магчыма, таму апісанне вёскі мае яшчэ і настальгічнае адценне: вёскі той ужо няма, засталіся толькі ўспаміны ("Сады").
А вось псіхалагічная дакладнасць вобразаў, неадназначнасць і шматмернасць у адносінах герояў чапляюць і сёння ("Госць падчас сенакосу", "Маўклівыя людзі", "Знаёмыя жнівеньскія сны"). Магчыма, не вельмі дарэчна звяртаць на гэта ўвагу, але колькі твораў і аўтараў не перажылі выпрабавання часам!
І вось яна, вёска. Паваенная, параненая, але жывая ("- Як жывеш? — Лепш за ўсіх і горш за многіх"). Пісьменнік нарадзіўся ў 1936 годзе і належаў да пакалення "дзяцей вайны", таму падзеі аповесці "Крыло цішыні", некаторых апавяданняў, напрыклад, з раздзела "Сёння і назаўсёды" бачацца вачыма падлетка, але ўзбагачаны рэфлексіяй дарослага чалавека: "Тады ж я нічога не баяўся, бо нічога не ведаў. А самыя смелыя бываюць якраз тыя, якія нічога не ведаюць".
Героямі кнігі сталі альбо "другое я" аўтара (хлопец-падлетак, абітурыент журфака, малады журналіст), альбо досыць пажылыя людзі. І гэты мікс поглядаў, думак і перажыванняў людзей розных узростаў і рознага полу стварыў своеасаблівую светапоглядную панараму: няпэўнасць жыцця маладых і вызначанасць, нетаропкасць жыцця пажылых, якія ўжо зрабілі ці не зрабілі галоўнае, але ў любым выпадку далей могуць не спяшацца.
Пісьменнік з кранальнай паблажлівасцю апісаў герояў, у якіх маецца сваё разуменне сусвету, сваё — часта наіўнае — вытлумачэнне ўсім падзеям і з'явам. А той сусвет, які паўстаў са старонак кнігі Янкі Сіпакова "Двое на вуліцы", таксама вытлумачаны, зграбны і пераканаўчы, але галоўнае, што гэта сапраўды — сусвет.
Амаль у кожным тэксце пісьменніку для ўвасаблення сваіх ідэй патрабуюцца дзесяцігоддзі жыццяў яго герояў: мала апісаць сустрэчу з жанчынай ва ўсходнім адзенні, але цікава скарыстаць гэтую сустрэчу як нагоду для аповеду пра лёс шасці сясцёр ("Трэцяя жонка Юлдаша"). Нават у невялікае апавяданне Я. Сіпакоў змяшчае сагу, сямейную гісторыю. Гэтае імкненне да максімальнага ахопу падзей напоўніцу выявілася ў 2010 годзе, калі ў серыі "Лімаўскі фальварак" выйшла яго кніга "Зубрэвіцкая сага".
Пільная ўвага да гісторыі роду — тое, што глядзіцца сёння як творчы прыём, тое, што стала падставай для літаратурных містыфікацый Я. Сіпакова, магчыма, натхнёна спецыфікай вясковага жыцця, дзе ўсе ўсё ведаюць адно пра аднаго: і хто дапаможа, і хто скраў, і хто бацька байстручка, і хто прачытае ліст непісьменнаму дзеду.
Інтанацыі, выбраныя Янкам Сіпаковым, выглядаюць будзённа, аўтар спрабуе ўсяму незвычайнаму, нават катастрафічнаму знайсці рацыянальнае вытлумачэнне, каб зжыцца, звыкнуць да таго, што немагчыма змяніць: і здаецца, што неяк пераадолее гора старшыня калгаса, які пасля здрады жонкі руйнаваў усё вакол ("...часам, а можа, і заўсёды, чалавечая рашучасць і слабаволле — адно і тое ж. А калі і не, то чалавеку ўсё роўна цяжка ўбачыць, заўважыць, дзе і як адно пераходзіць у другое"); Уладзіслава Францаўна, жонка Купалы, адначасова выступае і ўвасабленнем добразычлівасці і гасціннасці, і чэрствай асобай, калі, уцякаючы ад бамбёжкі з Мінска, "набіла паўнюткую машыну розным барахлом — сукенкамі, футрамі, а матку [Купалы — А.Б.] не дазволіла ўзяць з сабой" (з успамінаў Паўліны Мядзёлкі).
Літаратурны працэс падаецца Я. Сіпаковым натуральна, як частка ўласнага жыцця: ёсць згадкі пра дэпутацтва І. Шамякіна, пра смерць Б. Сачанкі, пра святкаванне юбілею Купалы ў Ляўках. Захапіла Я. Сіпакова гісторыя Максіма Багдановіча — і паўстала рэканструкцыя падзей, зафіксаваных у дзённіку класіка: "У наступны дзень сядзелі з Клаваю ў гамаку і вялі неасцярожныя размовы".
Неадназначнасць вабіла Я. Сіпакова і ў прыпавесцях, дзе ў розных тэкстах ён прыходзіў да высноў, якія маглі супярэчыць адна адной: "Можна перамагчы аднаго камара. Можна сотню, тысячу, мільён... Але ўсіх камароў, увесь народ камарыны не пераможаш. Хоць чалавек і мацнейшы за камара" і "Калі ёсць тупік, трэба, каб і сцежка ад яго нарадзілася". Я. Сіпакоў адметна асэнсоўваў нацыянальнае пытанне: "Балюча ведаць, які ты багаты, калі ўсе толькі і пераконваюць цябе, што ты самы бедны на зямлі!".
З эсэ "Коні", "Мужчыны", "Язычнікі" паўстае сусвет селяніна, мужчыны, праваслаўнага верніка. Здаецца, што пісьменнік глядзеў на жыццё праз гэтыя тры прызмы і выбіраў цытаты і думкі, якія ўражвалі то акцэнтамі і адценнямі ("Мужчына — уладар жанчыны, раб яе кахання"), то мудрасцю ("Бедны, ён пакладзе ў Яе рукі адну ружу, і багаты — таксама адну, разумеючы з маленства, што калі кветак многа — гэта ўжо сена").
Выданне выбранага — гэта заўсёды праверка, гэта дужанне па гамбургскім рахунку: застанецца аўтару ягонае месца ў сімвалічнай літаратурнай іерархіі ці яго пасунуць ўгору або ўніз? І, можа быць, новае пакаленне чытачоў ацэніць Янку Сіпакова вышэй за ранейшае.
Аксана Бязлепкіна
5524