
Современная белорусская литература: что читать? | Сучасная беларуская лiтаратура: што чытаць?
Morrigan_sher
- 354 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
У адным з інтерв'ю Ігар Бабкоў кажа аб тым, як ён на лекцыях разыгрывае студэнтаў, распавядаючы пра асобу Адама Клакоцкага, які быццам жыў у XIX стагоддзі, быў знаёмы з Міцкевічам і Чартарыйскім, уваходзіў у розныя віленскія суполкі, быў у эміграцыі, стварыў музей сноў - міфічная асоба так удала ўпісваецца ў кантэкст беларускай гісторыі, што толькі пад канец студэнты пачынаюць штосьць падазраваць. Не ведаю, як там у філосафаў, але, узгадваючы асабісты вопыт наведвання лекцый спадара Бабкова, магу сказаць, што ён мог распавядаць што заўгодна - на яго фоне нашы веды імкнуліся да нуля (а я была нягоршай студэнткай, нават адной з лепшых, калі ўжо шчыра). І справа ня толькі ў колькасных паказчыках вядомых нам фактаў, але таксама ў якасці, калі так можна сказаць, мыслення, ва ўласцівай філосафам неверагоднай складанасці і няўцямнасці разважанняў. Сапраўды, мяне ў нечым нават пужаюць людзі, якія ў звычайнай размове кажуць пра "глыбокую онталягічную сувязь тэкілы і кактуса".
"Адам Клакоцкі і ягоныя цені" менавіта такі раман, хаця яго і раманам у маім разуменні назваць цяжка - пад вокладку зведзены зусім розныя сюжэтна фрагменты, хутчэй нават аскепкі. Ня дзіва, што сам аўтар называе свой раман постпостмадэрністскім. Тут вам і фрагментарнасць, і інтэлектуальныя гульні, і розныя культурныя адсылкі, і перавернутасць рэчаіснасці (маё любімае - пра нейкае паралельнае вымярэнне, у якім пісьменнік стварае раман пра наша сапраўднае жыццё). Што аб'ядноўвае гэтыя фрагменты, сказаць дакладна цяжка - нейкая агульная мройнасць, настрой, атмасфера, нарэшце, выдуманая постаць Адама Клакоцкага. І беларусчына. Не толькі знешняя (хаця я вельмі люблю, калі геаграфія твора накладваецца на маю ўласную геаграфію з добра знаёмымі маршрутамі, будынкамі, кавярнямі), я маю на ўвазе, перш за ўсё, разважанні аб тым, хто мы ёсць у сучасным свеце. Але па выніку знаёмства мяне не адпускае думка аб тым, што кожны з фрагментаў можна было б разгарнуць на сапраўды добры раман ці хаця б аповесць, бо кожны фрагмент можна (і неабходна) дамысліваць (адным эпізодам гэта пасуе, іншыя застаюцца паверхней, пад якой вока бачыць толькі цемру). Мастацкія вартасці, цудоўная беларуская мова, агульны інтэлектуальны ўзровень - кнігу, безумоўна, ёсць за што ўхваліць, але ў цэласны раман для мяне яна, нажаль, так і не склалася.

Кніга напісаная зь любоўю да Беларусі, і гэта суцяшае таксама. «Зь любоўю, — як любіць удакладняць аўтар у прыватных гутарках, — за яе далікатную непрысутнасьць у эўрапейскім культурным наратыве».

Няма нiчога назаўсёды вызначанага: лёгшы спаць балтам, ты прачынаесься славянiнам, выйшаўшы з дому палякам, вяртаесься немцам, з усiх бакоў цябе спрабуюць пераканаць, кiм ты ёсьць i кiм ты быць ня мусiш. Натуральна, што большасьць людзей здаровага клёку ад гэтага гармiдару называе сябе «тутэйшымi»

Зрэшты, чалавечы аптымізм зусім не злачынства. Калі развалілася імпэрыя, нават мне на хвіліну здалося, што мы выходзім зь пячоры да сьвятла ідэяў. Даравальная наіўнасьць. Цяпер я разумею, што мы проста перайшлі з адной пячоры ў іншую, больш зручную. У будучыні, напэўна, больш чыстую і прыгожую. Да таго ж мы атрымалі нарэшце магчымасьць пераходзіць зь пячоры ў пячору, задавальняючы сваю дзіцячую цікавасьць да новых мейсцаў.










Другие издания
