Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Адам Клакоцкі і ягоныя цені

Ігар Бабкоў

  • Аватар пользователя
    Morra10 ноября 2017 г.

    У адным з інтерв'ю Ігар Бабкоў кажа аб тым, як ён на лекцыях разыгрывае студэнтаў, распавядаючы пра асобу Адама Клакоцкага, які быццам жыў у XIX стагоддзі, быў знаёмы з Міцкевічам і Чартарыйскім, уваходзіў у розныя віленскія суполкі, быў у эміграцыі, стварыў музей сноў - міфічная асоба так удала ўпісваецца ў кантэкст беларускай гісторыі, што толькі пад канец студэнты пачынаюць штосьць падазраваць. Не ведаю, як там у філосафаў, але, узгадваючы асабісты вопыт наведвання лекцый спадара Бабкова, магу сказаць, што ён мог распавядаць што заўгодна - на яго фоне нашы веды імкнуліся да нуля (а я была нягоршай студэнткай, нават адной з лепшых, калі ўжо шчыра). І справа ня толькі ў колькасных паказчыках вядомых нам фактаў, але таксама ў якасці, калі так можна сказаць, мыслення, ва ўласцівай філосафам неверагоднай складанасці і няўцямнасці разважанняў. Сапраўды, мяне ў нечым нават пужаюць людзі, якія ў звычайнай размове кажуць пра "глыбокую онталягічную сувязь тэкілы і кактуса".

    "Адам Клакоцкі і ягоныя цені" менавіта такі раман, хаця яго і раманам у маім разуменні назваць цяжка - пад вокладку зведзены зусім розныя сюжэтна фрагменты, хутчэй нават аскепкі. Ня дзіва, што сам аўтар называе свой раман постпостмадэрністскім. Тут вам і фрагментарнасць, і інтэлектуальныя гульні, і розныя культурныя адсылкі, і перавернутасць рэчаіснасці (маё любімае - пра нейкае паралельнае вымярэнне, у якім пісьменнік стварае раман пра наша сапраўднае жыццё). Што аб'ядноўвае гэтыя фрагменты, сказаць дакладна цяжка - нейкая агульная мройнасць, настрой, атмасфера, нарэшце, выдуманая постаць Адама Клакоцкага. І беларусчына. Не толькі знешняя (хаця я вельмі люблю, калі геаграфія твора накладваецца на маю ўласную геаграфію з добра знаёмымі маршрутамі, будынкамі, кавярнямі), я маю на ўвазе, перш за ўсё, разважанні аб тым, хто мы ёсць у сучасным свеце. Але па выніку знаёмства мяне не адпускае думка аб тым, што кожны з фрагментаў можна было б разгарнуць на сапраўды добры раман ці хаця б аповесць, бо кожны фрагмент можна (і неабходна) дамысліваць (адным эпізодам гэта пасуе, іншыя застаюцца паверхней, пад якой вока бачыць толькі цемру). Мастацкія вартасці, цудоўная беларуская мова, агульны інтэлектуальны ўзровень - кнігу, безумоўна, ёсць за што ўхваліць, але ў цэласны раман для мяне яна, нажаль, так і не склалася.

    14
    329