
Современная белорусская литература: что читать? | Сучасная беларуская лiтаратура: што чытаць?
Morrigan_sher
- 354 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
Пра паэзію Ігара Бабкова гэтак жа няпроста пісаць, як, напрыклад, пра вецер. Або пра аблокі. Ну плывуць яны ў нябеснай вышыні. Не шмат хто з людзей адчувае патрэбу разглядаць іх і адзначаць прыгажосць. І якая карысць з тых аблокаў? І галоўнае – у чым сэнс іх існавання, дакладей, які змест?
Паэзію Ігара Бабкова называюць медыятыўнай. І нездарма Ігар цікавіцца ўсходняй культурай і з’яўляецца прыхільнікам будызму. Гэта якраз той выпадак, калі верванне вучыць гадзінамі назіраць за аблокамі, або за плынню ракі.
Пра большасць вершаў Бабкова цяжка сказаць, пра што яны. Ёсць, канешне, у яго і чыста лірычныя, і нават вершы пра каханне. Але большасць – гэта чароды асацыяцыяў, моўных тайнапісаў, дзіўныя спалучэнні малюнкаў і вобразаў.
Бабкоў умее рабіць паэзію здавалася б з самых будзенных рэчаў і назіранняў. У яго вершах няма ніякіх экзатычных складнікаў, або нейкіх займальных сюжэтаў. Паэт можа напісаць верш проста пра вакно, або пра вецер, якому паэт дазваляе абвяваць цела любімай і дакранацца да яе вуснаў.
Бабкоў нават здолеў зрабіць паэзію з развагаў пра сённяшні заняпад паэтычнага слова. Гэтыя разважанні-вершы змешчаны ў кнізе ў асобны раздзел, які называецца “Мейсцы паэзіі”. “Паэзія ў грамадзтвах нашага тыпу канчаткова ператварылася ў дзіўны эзатэрычны занятак, якім займаюцца насуперак часу”. Так пачынаецца першы верш гэтага цыклу. І як з такога загалоўнага сказу далей зрабіць верш? Бадай гэта ўмее толькі Бабкоў.
І што яшчэ варта адзначыць – паэзія Бабкова практычна ніяк не пазначана геаграфічна. Ёсць згадкі толькі пра мясціны вандровак паэта – Вільня, Парыж, Лондан. Паэт не вяртаецца ў мясціны маленства, не шпацыруе па вулках Менску, не вандруе на чоўнах па беларускіх рэках, што ён насамрэч любіць рабіць. Сама назва кнігі тлумачыць, чаму ўсяго гэтага тут няма – “Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб”.
А ў раздзеле “Мейсцы паэзіі” паэт тлумачыць, што значыць для яго паэзія. У тым ліку і:
Паэзія:
Паляваньне на слова.
Танец.
Асалода ад прамаўленьня.
Шаманства.