Рецензия на книгу
Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб
Игорь Бобков
Torvald530 сентября 2017 г.Пра паэзію Ігара Бабкова гэтак жа няпроста пісаць, як, напрыклад, пра вецер. Або пра аблокі. Ну плывуць яны ў нябеснай вышыні. Не шмат хто з людзей адчувае патрэбу разглядаць іх і адзначаць прыгажосць. І якая карысць з тых аблокаў? І галоўнае – у чым сэнс іх існавання, дакладей, які змест?
Паэзію Ігара Бабкова называюць медыятыўнай. І нездарма Ігар цікавіцца ўсходняй культурай і з’яўляецца прыхільнікам будызму. Гэта якраз той выпадак, калі верванне вучыць гадзінамі назіраць за аблокамі, або за плынню ракі.
Пра большасць вершаў Бабкова цяжка сказаць, пра што яны. Ёсць, канешне, у яго і чыста лірычныя, і нават вершы пра каханне. Але большасць – гэта чароды асацыяцыяў, моўных тайнапісаў, дзіўныя спалучэнні малюнкаў і вобразаў.
Бабкоў умее рабіць паэзію здавалася б з самых будзенных рэчаў і назіранняў. У яго вершах няма ніякіх экзатычных складнікаў, або нейкіх займальных сюжэтаў. Паэт можа напісаць верш проста пра вакно, або пра вецер, якому паэт дазваляе абвяваць цела любімай і дакранацца да яе вуснаў.
Бабкоў нават здолеў зрабіць паэзію з развагаў пра сённяшні заняпад паэтычнага слова. Гэтыя разважанні-вершы змешчаны ў кнізе ў асобны раздзел, які называецца “Мейсцы паэзіі”. “Паэзія ў грамадзтвах нашага тыпу канчаткова ператварылася ў дзіўны эзатэрычны занятак, якім займаюцца насуперак часу”. Так пачынаецца першы верш гэтага цыклу. І як з такога загалоўнага сказу далей зрабіць верш? Бадай гэта ўмее толькі Бабкоў.
І што яшчэ варта адзначыць – паэзія Бабкова практычна ніяк не пазначана геаграфічна. Ёсць згадкі толькі пра мясціны вандровак паэта – Вільня, Парыж, Лондан. Паэт не вяртаецца ў мясціны маленства, не шпацыруе па вулках Менску, не вандруе на чоўнах па беларускіх рэках, што ён насамрэч любіць рабіць. Сама назва кнігі тлумачыць, чаму ўсяго гэтага тут няма – “Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб”.
А ў раздзеле “Мейсцы паэзіі” паэт тлумачыць, што значыць для яго паэзія. У тым ліку і:Паэзія:
Паляваньне на слова.
Танец.
Асалода ад прамаўленьня.
Шаманства.8118