
Гарэза
Васіль Жушма
3,8
(2)
Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.

Ваша оценка
Васіль Жушма. "Гарэза". Аповесць. "Літаратура і мастацтва", 2011.
Кніга пра вавёрку Гарэзу стала своеасаблівым вынікам шматгадовых вандровак аўтара па беларускіх лясах. І хоць знаёмства гэтае адбывалася з фотаапаратам у руках (на жаль, пра гэты факт мы даведваемся толькі з аўтарскай прадмовы, саміх фотаілюстрацый у кнізе няма), слоўнае — літаратурнае — асэнсаванне прыроды таксама атрымалася.
Праз жыццё аднаго маленькага звярка аўтар знаёміць свайго чытача з жыццём беларускага лесу, з яго жыхарамі, а таксама распавядае пра ўзаемадзеянне дзікіх істот з чалавекам. Трэба сказаць, што людзі не заўсёды выглядаюць там "царамі прыроды". Вяршыня эвалюцыйнага ланцужка ў гэтым творы, несумненна, вавёрка.
Для рэалізацыі сваёй пісьменніцкай стратэгіі Васіль Жушма абраў, па-першае, антрапамарфізм (ачалавечванне) вавёркі — чытач даведваецца, што, напрыклад, Гарэзу "выводзіла з сябе" бзынчанне камароў. Па-другое, у разгортванні сюжэта аўтар абапіраецца на наіўную эўрыстыку: вавёрка штокрок робіць для сябе адкрыцці. То яна даведваецца пра балючасць чмялінай абароны, то на практыцы высвятляе, што можа пакусаць чалавека, то сутыкаецца з ласямі ці крыжадзюбамі, то становіцца мітуслівым экспанатам у жывым кутку. Пры ўсёй прастаце і падкрэсленай наіўнасці твора відавочна, што такі тэкст мог напісаць толькі чалавек, які добра знаёмы з жыццём лесу.
Верагодна, ніхто з людзей дакладна не скажа, ці адрэфлексоўвае вавёрка свае перасячэнні з іншымі звярамі (ваўкамі, бабрамі, змеямі, птушкамі) або людзьмі. Усе назіранні і думкі, якія аўтар прыпісвае вавёрцы, вельмі выразна скіраваны на маленькага чытача, і многія з частак аповесці заканчваюцца своеасаблівым падсумаваннем-мараллю. Кожны аповед выглядае самастойным творам, пры гэтым уся аповесць таксама знітавана агульным сюжэтам.
Удалыя кнігі для дзяцей, асабліва для малодшых школьнікаў, — гэта вынік паспяховага ўзаемадзеяння літаратурнага тэксту, добрага мастацкага афармлення і адпаведнай паліграфіі. Таму што ў наш час кніга (асабліва беларускамоўная) не самакаштоўная з'ява, яна пастаўлена ва ўмовы суперніцтва з рускамоўнымі якасна ілюстраванымі выданнямі, мультыплікацыйнай прадукцыяй і гульнёвай індустрыяй. Аповесць "Гарэза" нашмат выйграла б з каляровымі малюнкамі (пакуль што твор аздоблены малой колькасцю чорна-белых ілюстрацый) ці фотаздымкамі, зробленымі аўтарам.

Васіль Жушма
3,8
(2)