У паселішчы яшчэ некалькі тыдняў таму, як мне раней паведаміла Мойра, пачалі рыхтавацца да свята. У чым яно вызначалася, толкам ніхто не ведаў, але афіцыйна было на гэты раз прысвечана ТРАНСМОГУ — агульнай сусветнай мове. Па чарзе аналагічныя святы праводзіліся штогод у розных населеных месцах. Падрыхтоўка заключалася ў тым, што ў цэнтры і на будынках галоўных вуліц наводзіўся своеасаблівы касметычны макіяж: сцены і дахі фарбаваліся ў чырвоны і зялёны колеры (фарбы, вядома, з’яўляліся нізкай якасці і самыя танныя — праз тыдзень яны павінны былі немінуча аблезці), з цэнтральных вуліц прыбіралася і вывозілася смецце, бліжнія звалкі, якія падступалі да самых баракаў, прысыпаліся зямлёй, там-сям аднаўляліся зламаныя слупы ліхтароў і лаўкі. На сценах і шматлікіх расцяжках усталёўваліся і вывешваліся лозунгі і ўсялякія слоганы на так званым ТРАНСМОЗЕ і мясцовай змешанай гаворцы. Шматлікія брыгады «працаробаў», наспех сфарміраваныя муніцыпальнымі ўладамі з дапамогай сілавікоў, з раніцы да захаду сонца завіхаліся на самых розных работах па добраўпарадкаванні тэрыторыі.