
"... вот-вот замечено сами-знаете-где"
russischergeist
- 39 918 книг

Ваша оценкаЖанры
Ваша оценка
"А хто мы ёсць?" - гэта, напэўна, самае складанае ў свеце пытанне. Таму што надзвычай цяжка даваць азначэнні самому сябе, каб гэта не пераўтварылась у гульню з пустым пералікам прыметнікаў: працавітыя, руплівыя, талерантныя... І таму спроба Валянціна Акудовіча паставіць само пытанне і адшукаць адказ заслугоўвае вышэйшай адзнакі. Канешне, мне было б больш цікава паглядзець на гэтую праблему вачыма гісторыка - у спадара Акудовіча для мяне зашмат метафізікі, філасофіі, дыскурсаў, анталогій і аддаленасці ад уласна рэчаіснасці. Але дзякуй ужо за тое, што хтосьці ўвогуле ўзняў такія пытанні: хто мы ёсць? чаму? і што з гэтага вынікае?
Я шмат з якімі высновамі магу пагадзіцца, асабліва, што тычыцца аналізу гісторыі беларусаў і беларускай мовы ў ХХ стагоддзі - з тым, што наш лёс цалкам вызначаны геапалітыкай (паміж Захадам і Расіяй), з неабходнасцю пераасэнсаваць другую сусветную вайну (не ў сэнсе рэабілітацыі нацызму, а ў сэнсе таго, чым гэта вайна была менавіта для нас), з разуменнем мовы як "знака бяды" (бо менавіта мова вызначала ахвяр рэпрэсій ў жудасныя 1930-я гг.), з неразуменнем, навошта цягнуць старасвецкую тарашкевіцу ў XXI стагоддзе. Нарэшце, я, на жаль, згодна з тым, што моўна-этнічная мадэль нацыі нежыццяздольна ў сёняшніх умовах, хоць я таксама моцна сумняваюся і ў жыццяздольнасці "паспалітай" мадэлі, мадэлі грамадзянскай супольнасці - не дараслі яшчэ. Але за што я асабліва жадала бы ўхваліць спадара Акудовіча, дык гэта за шыкоўны аналіз таго, чаму нацыяналістычныя сілы не змаглі замацавацца ва ўладзе напачатку 1990-х (і зноў жа - на жаль). Здаецца, так аб гэтай паразе ад сваіх жа яшчэ не пісаў ніхто. Ніхто не спрабаваў адключыць эмоцыі і прыватныя прыхільнасці, каб паспрабаваць зразумець - што пайшло ня так?.. Ідэалізм - гэта цудоўна, калі цябе 18, але бессэнсоўна цягнуць яго за сабой у палітыку. Сёння там перамагаюць прагматыкі, якія абяцаюць не цудоўную мару, якую электарат ніколі і не бачыў, а цалкам зразумелыя і канкрэтныя рэчы. Так, большасці з нас прасцей любіць мару, чым сумную рэчаіснасць.

Мой погляд на рэчы, погляд на Беларусь знайшоў адлюстраванне на старонках гэтай кнігі. Тое, што я сам ніколі б не здолеў сказаць - па прычыне адсутнасці вопыту, неабходных ведаў ды й увогуле нежадання думаць - я прачытаў тут. Усё, кожнае слова, напісанае Акудовічам, усё гэта жыло ўва мне і раней. Гэта была неўтульнае пачуццё нейкай недарэчнасці, бесперспектыўнасці і пэўнай долі маўклівага адчаю. Думаю, шмат "свядомых" (ці, калі паўтарыць не забітую ідэолагамі ад дзяржавы фармуліроўку Акудовіча, "нацыянальна заангажаваных") беларусаў спачуваюць сабе гэткім жа чынам. "Код адсутнасці" - новы погляд на старую нацыянальную парадыгму. "Код адсутнасці" - кніга пра Беларусь і беларусаў. Адкуль мы ўзяліся? Што нас чакае? Увогуле - што мы ёсць? Адказы - тут.
І дзіва - пасля ўсіх зробленых высноў аўтар здолеў захаваць аптымізм не толькі ў сабе, але і ў чытача. Ці будзе Беларусь? Так! Ці будзе яна такой, аб якой мы марым, якую патрабуем на плошчах? Не. І цяпер гэта падаецца цалкам натуральным.

Хто мы такія (беларусы)? Адкуль з’явіліся і куды ідзем? Чаму мы не расейцы, а расейцы не мы? Колькі нам год, як нацыі? І чаму сёння намі кіруе А.Г.Лукашэнка а не нехта іншы? Валянцін Акудовіч дае адказы на ўсе гэтыя пытанні. Нездарма сёння ён лічыцца адным з самых значных беларускіх філосафаў сучаснасці. Ніхто да яго яшчэ не намагаўся ўзняць настолькі глабальныя пытанні ў дачыненні да беларускай нацыі. У яго кнізе няма аптымізму ці песімізму – яна прасякнута жорсткім рэалізмам і смуткам. Смуткам, бо Беларусь ніколі не была і ўжо не будзе сапраўды беларускай.
“Код адсутнасці” абавязкова трэба прачытаць кожнаму беларусу. Бо гэта, бадай, адна з нешматлікіх кніг, якая можа змяніць наша ўяўленне пра саміх сябе.

Там, дзе вайна, там няма герояў і антыгерояў, ёсць толькі пакутнікі і ахвяры.

Масавы гераізм — з’ява больш небяспечная, чым адсутнасць гераізму ўвогуле. Кожная праява масавага гераізму павінна разглядацца як сімптом смяротнай хваробы, за якой страта народам важнейшага з інстынктаў — інстынкту самазахавання.














Другие издания
