Як жа мне не быць Стэпавым ваўком і нікчэмным пустэльнікам у свеце, ніводнай мэты якога я не падзяляю, ніводная радасць якога не хвалюе мяне! Я доўга не вытрымліваю ні ў тэатры, ні ў кіно, я не здольны чытаць газет, мала калі чытаю сучасныя кнігі, я не разумею, якое такое радасці людзі шукаюць на чыгунках, у перапоўненых гатэлях, у кавярнях, раздзіраных духотлівай, настырлівай музыкай, у барах і вар'етэ элегантных раскошных гарадоў, на сусветных выставах, на святочных гульбішчах, на лекцыях для дапытлівых, на стадыёнах - усіх гэтых радасцяў, якія маглі ж бо быць даступнымі і мне, і за якія тысячы іншых б'юцца, я не разумею, я не падзяляю. А тое, што бывае ў рэдкія гадзіны маёй радасці, тое, што для мяне - шчасце, падзея, экстаз, лунанне, - гэта свет прызнае, шукае і любіць хіба што ў паэзіі, у жыцці яно здаецца яму вар'яцтвам, і насамрэч, калі свет у праўдзе, калі ў праўдзе гэтая музыка ў кавярнях, гэтыя масавыя забавы, гэтыя амерыканізаваныя, задаволеныя такім мізерам людзі, значыцца, не ў праўдзе я, значыцца, я - вар'ят, значыцца, я - той самы стэпавы воўк, кім я сябе няраз ужо называў, звер, які заблытаў у чужы незразумелы яму свет і не знаходзіць сабе ні радзімы, ні ежы, ні паветра.