Рецензия на книгу
Пералівы
Юрка Лявонны
Torvald57 августа 2018 г.Гэтая кніга, можна сказаць, наноў адкрывае аўтара. Апошні раз кнігай вершы Юркі Лявоннага выходзілі ў 1960 годзе. Бадай, гэта адзін з самых невядомых паэтаў 20-30 гадоў. Калі пра Міхася Чарота, Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова, Юлія Таўбіна больш менш было вядома аматарам беларускай паэзіі, прынамсі гэтыя творцы згадваліся нават у школьнай праграме і перыядычна перавыдаваліся, дык Юрка Лявонны быў амаль гарантавана забыты. Вяртанне яго пачалося з праекта "НеРасстраляная паэзія", які быў рэалізаваны летась. Спачатку ў кнігарні "Логвінаў" пра Лявоннага прачытаў змястоўную лекцыю Віктар Жыбуль. Затым гурт "Вырай" запісаў песню на словы Лявоннага "Настроі", якая трапіла на фінальную музычную складанку "НеРасстралянай паэзіі". І вось, амаль праз 60 гадоў пабачыла свет новая кніга Юркі Лявоннага. Зразумела, яна патрабавала адпаведных тлумачэнняў, бо ў папярэдняй кнізе было ўсё так наблытана, што нават год смерці паэта быў перанесены на 7 гадоў пазней. Прадмову да кнігі напісаў яе ўкладальнік, выдатны знаўца беларускай літарауры 20-30 гадоў Віктар Жыбуль.
У прынцыпе Юрку Лявоннаму не далі адбыцца ў рамках яго паэтычнага таленту. Ён быў лірыкам і рамантыкам, і першыя ягоныя вершы былі напісаныя пад вялікім уплывам Сяргея Ясеніна. Але пасля жорскай крытыкі, якая абрынулася на яго ў друку, ён быў вымушаны пачаць пісаць пралетарскія вершы. Вось як пра гэта згадваў ягоны сябар маладосці, якому пашчасціла выжыць пасля Гулагу, Сяргей Грахоўскі: «па сваёй сутнасці Лявонны быў лірык, тонкі і рамантычны. Але паэт мусіў станавіцца на «горла ўласнай песні».
Біяграфія паэта была не зусім традацыйнай для таго часу, ён паходзіў з мястэчка Чавусы з сям'і настаўніка. Таму для яго паэзіі былі характэрныя і ўрбаністычныя матывы. І гэтым ён блізкі да Алеся Дудара.
Акрамя вершаў у кнізе змешчана аўтабіяграічная характарыстыка, якая была напісана паэтам у 1926 годзе для ўступлення ў літаратурнае аб'яднанне "Маладняк", у якой Лявонны прызнаецца ў сваім "шкодным" захапленні імажынізмам. Відавочна і гэта таксама было ўлічана катамі з ГПУ, якія прысудзілі паэта ў 37-ы да смяротнага пакарання.
Сёлета 29 ліпеня беларуская літаратура адзначыла 110-годдзе з дня нараджэньня паэта Юркі Лявоннага.
9272