Рецензия на книгу
Над кукушкиным гнездом
Кен Кизи
xbohx25 мая 2018 г.Выдатны пераклад гэтай кнігі зроблены Аляксеем Знаткевічам, і мне асабліва цікава было чытаць яго ў сувязі з нядаўнім прачытаннем кнігі Чукоўскага "Высокое искусство" пра мастацтва перакладу. Знаткевіч не стаў адным з тых "буквалистов", як называе іх Чукоўскі, ён даў тэксту новае жыццё на новай мове, таленавіта перастварыўшы яго. Макмэрфі гаворыць такой сакавітай мовай, што нават праз тэкст адчуваеш яго інтанацыі, і гэтае ягонае "братка". Асабліва цікава, калі сто разоў глядзеў фільм і ў часе чытання ўяўляеш сцэны з яго, і там Джэк Нікалсан гаворыць па-беларуску.
Калі звярнуцца да кнігі, то думаю, што многія з вас калі не чыталі яе, то прынамсі глядзелі легендарны фільм Мілаша Формана і прыкладна ведаюць сюжэт: у псіхіятрычную лякарню з турмы трапляе новы пацыент, які пад выглядам вар'яцтва спрабуе пазбегчы катаргі. Ён бунтар і індывідуаліст, абсалютна пазбаўлены сораму, таму з першага ж дня ў бальніцы спрабуе навесці свае парадкі, насуперак галоўнай медсястры Брыдар, і стаць правадыром вар'ятаў. Аповед жа ў кнізе вядзецца ад імя іншага Правадыра, цяпер ужо з вялікай літары, аднаго з вар'ятаў, індзейца Бромдэна. Шмат у чым кніга заснаваная на рэальных назіраннях Кізі, які пісаў яе па начах, падпрацоўваючы ў бальніцы для ветэранаў. Днём, вядома ж, ён мог назіраць за жыццём пацыентаў. Відаць, таму кніга атрымалася такой жывой і праўдападобнай. Маленькая гісторыя барацьбы асобы і закона, лібералізма і традыцыяналізма.
Кніга для ўсіх свабодных душой пра тое, што можа з гэтага атрымацца. Расейскі ска-гурт ClockWork Time запісаў песню "R. P. McMerfy", прысвечаную галоўнаму герою. Там ёсць такія радкі:
Он к жизни возвращал всех тех, кто думал, что он мертв,
Кто каждый раз глотал таблетки, вместо жизни дома.
Он научил их снова жить, не видя медсестру,
Но вместо этого он сам остался в клетке.Пасля прачытання гэтай кнігі пачынаеш азірацца па баках і задумвацца, што можа быць увесь гэты свет вакол нас і ёсць падобная бальніца? І нехта з нас Білі Бібіт, нехта Марціні, нехта Чэзўік, а нехта Вялікая Сястра Брыдар. І толькі адзінкам дадзена стаць Макмэрфі.
9862