Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Любовь во время чумы

Габриель Гарсиа Маркес

  • Аватар пользователя
    HershensonTendrils19 января 2018 г.

    Кахайце своечасова

    З першага прачытання рамана Маркеса "Каханне падчас халеры" дзесяць гадоў таму запомнілася толькі тое, што герой спакусіў дзяўчынку. І пасля спаў з ёй кожны тыдзень. Калі ж узяўся другі раз за кнігу, то раман пачаў раскрывацца для мяне. І першы вывад, кнігу трэба чытаць не ў 18-20 гадоў, калі ў жыцці было зусім мала эмоцый, звязаных з дзяўчатамі. Калі сэксуальны досвед бедны. Гэтая кніга заходзіць найлепш тады, калі можаш рабіць праэкцыю на сваё жыццё.
    Пра ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны напісана багата кніжак. Розных. Але калі аўтар сапраўдны майстар, ён любую тэму зможа раскрыць не так, як гэта зрабілі іншыя. І вось раман Маркеса з такіх. Усё проста. Апавяданне ідзе лінейна. Няма той магіі, якая прысутнічае ў яго іншых кнігах. Але гэтае лінейнае апавяданне ідзе так, што з кожнай старонкай ты толькі захапляешся манерай аўтара. Табе здаецца, што ўсё ўжо зразумела з ім ці ёй, як Маркес прыўносіць новую дэталь, якая ўжо мяняе не толькі карціну, але і твае адносіны да персанажа. Праз некалькі старонак - новая дэталь, якая зноў усё мяняе. І тут другі вывад - не трэба кідаць кнігу, калі першыя 10-20 старонак не выклікаліюць эмоцый.
    Пераклад рамана зроблены роўна. Не ведаю, ці заслуга гэта перакладчыка, ці выдавецтва, якое рыхтавала тэкст. Але чытаеш старонку за старонкай і ні за што не чапляешся. То бок пераклад зроблены настолькі цудоўна, нібы гэты раман сапраўды быў напісаны па-беларуску. Трэці вывад: калі хочаце па-беларуску прачытаць кнігу ў добрым перакладзе, выбірайце тыя, якія для перакладчыкаў не з'яўляюцца дэбютнымі. А якія ўжо мелі досвед выхаду кніг.
    І апошні момант. Вывад, які робіш на прыкладзе саміх герояў рамана. Рабіце ўсё своечасова. А акунуцца другі раз у каханне з тым самым чалавекам праз шмат гадоў не атрымаецца. Вы будзеце кахаць маладыя вобразы, якія не адпусцяць вас да канца дзён.

    1
    299