Рецензия на книгу
Любовь во время чумы
Габриель Гарсиа Маркес
xbohx28 ноября 2017 г.Кожны выхад кнігі замежнага аўтара па-беларуску — гэта маленечкая перамога. Перамога над тымі, хто не лічыць патрэбным выданне класікі па-беларуску, калі мы маем расейскія пераклады. Але гэты чалавек проста яшчэ не чытаў Маркеса па-беларуску. А прачытаўшы, не зможа так упэўненна сцвярджаць бескарыснасць такога кнігавыдання. Бо Маркес па-беларуску зачароўвае. Магічны рэалізм — менавіта той мастацкі метад, які па-беларуску гучыць неверагодна арганічна і меладычна. Расейскія пераклады не маюць такой меладычнасці, прынамсі я яе ніколі не адчувала.
Я не прыхільнік творчасці Маркеса, але разам з гэтым раманам правяла каля тыдня, калі не больш (рэдка так марудна чытаю кнігі). Але ад Маркеса ў вялікіх дозах пачынае кружыцца галава.
Давайце ўявім, што ў вас ёсць шанец змяніць нешта ў сваім жыцці вельмі кардынальна. Але толькі праз "пяцьдзясят тры гады, сем месяцаў і адзінаццаць дзён". Жыццё не прыйдзецца перажываць наноў, але ў вас з'явіцца другі шанец зрабіць правільны выбар. Цяпер вы ўжо дарослыя (нават старыя), вы сур'ёзныя разважлівыя, маеце пэўны вопыт. І нішто не перашкодзіць вам быць разам. Муж Фэрміны Дасы, доктар Хувэналь Урбіна, памірае, і цяпер яна можа быць з тым, каго кахала шмат гадоў таму (і, магчыма, на працягу ўсяго жыцця), з Флярэнтына Арысам. Толькі цяпер ім абодвум ужо за 70.
Такая старамодная гісторыя кахання, напоўненая сцэнамі эратычных прыгод і любошчаў, але разам з тым светлая, якая дае надзею, што шчасце і праз 50 гадоў магчымае. Маркес паказвае нам усё жыццё герояў, ад моманту няправільнага выбару і шлюбу Фэрміны Дасы, праз чаканне Флярэнтына Арысы і яго любоўныя прыгоды, да смерці мужа Фэрміны Дасы. Гэтая гісторыя распавядаецца даволі падрабязна, а вось момант чаканага паяднання галоўных герояў праз столькі гадоў настолькі інтымны, што менавіта гэта становіцца канцом рамана. Яны разам плывуць у сваю будучыню на караблі пад сцягам той самай халеры.
Дарэчы, гісторыя, расказаная нам Маркесам, не выдуманая. Ён падзяліўся з намі гісторыяй узаемаадносін сваіх бацькоў.
У пачатку рамана прысвячэнне "Мэрсэдэс, вядома ж". Маркес сустрэў сваю будучую жонку Мэрсэдэс, калі ёй было ўсяго 13 гадоў. Праз 14 гадоў ён вярнуўся і забраў яе з сабой. З таго часу і да яго смерці ў 2014 годзе яны не расставаліся. І ў многіх гераінях яго раманаў можна знайсці хоць рысачку, хоць водгалас асобы яго жонкі.
Калі вы яшчэ не чыталі гэты раман Маркеса, то вельмі раю зрабіць гэта менавіта па-беларуску.
11328