Рецензия на книгу
Час збіраць косці
Віктар Казько
Torvald517 ноября 2017 г.Чытаць кнігі Віктара Казько няпроста. Яны патрабуюць не толькі разумовай працы, але і псіхалагічнага суперажывання. Вось і яго кніга “Час збіраць косці” вельмі драматычная і балючая. Праўда, Віктар Казько ніколі не пісаў кніг для баўлення і забавы. Заўжды, яшчэ і за савецкім часам, пісьменнік у сваіх творах уздымаў складаныя праблемы, напрыклад, пра бяздумнае асушэнне балотаў на Палессі, або пра лёсы дзяцей з дзіцячых дамоў, ці пра дачыненні чалавека з прыродай. Крытыкі адносяць творы Казько да інтэлектуальнай, філасофскай прозы. Часта ў гэтых творах няма больш менш акрэсленага сюжэту – або гэта плыня разважанняў аўтара над чымсьці сур’ёзным і істотным, або апісанне шэрагу гісторыяў і здарэнняў, якія ствараюць пэўную псіхалагічную карціну. Творы, сабраныя пад вокладкай кнігі “Час збіраць косці”, таксама вельмі характэрныя ў гэтым плане. Але адрозніваюцца ад ранейшых вострай сацыяльнасцю. Калі раней Казько бачыў праблемы, якія назіраў навокал, пераважна, у няслушных, памылковых дзеяннях і справах чалавека, то цяпер гэтая праблема выявілася ў самім чалавеку. Аўтар разважае над прычынай маральнага крызісу і задае сабе пытанне: ці не таму гэтак адбываецца, што чалавецтва прайшло ў развіцці цівілізацыйнае кола і вяртаецца ў дзікунскія часы, але ўжо з найноўшымі тэхналогіямі і зброяй масавага знішчэння?
З трох аповесцяў, якія аб’яднала новая кніга Віктара Казько, бадай самая драматычная “І нікога, хто ўбачыць мой страх”. Аповесць прысвечана вядомаму кінарэжысёру Віктару Турава, і апісвае смерць Майстра, які з анкалагіянага дыспансэра смяротна хворы прыязджае на юбілейнаю імпрэзу, якую ўлада ладзіць яму ў самым вялікімі кінатэатры сталіцы. Бадай гэтая аповесць – ці не самы жорсткі мастацкі прысуд, вынесены беларускімі пісьменнікамі сённяшняму беларускаму рэжыму. У аповесці Казько згадаў уладзе усё – і хлопчыка-нямко, якога пасадзілі на суткі за тое, што нібыта нецензурна лаяўся ў грамадскім месцы, і народных дзеячаў культуры, якія апынуліся ў сітуацыя фізічнага выжывання, і збіванне людзей падчас мірных акцый пратэсту, і здзекі міліцыі з затрыманымі пратэстоўцамі, і шмат чаго іншага. Аповесць гэтая была напісаная ў 1997 годзе, але ў ёй пісьменнік практычна прадказаў апошнія падзеі ва Украіне. Бо гэты брудны вір хлусні, хцівасці, маральнай дэградацыі, які запанаваў на постсавецкай прасторы, - павінен быў у нешта выліцца, неяк жорстка сябе праявіць.
У сваіх апакаліптычны творах Віктар Касько спрачаецца сам з сабой, і прымушае сваіх героеў пераходзіць на бок дабрыні, і спадзяецца, што і кагосьці з чытачоў таксама.
10894