Рецензия на книгу
Любiць ноч — права пацукоў
Юры Станкевiч
Torvald513 ноября 2017 г.Калі сказаць, што Юры Станкевіч няпросты аўтар, – нічога не сказаць. Ён вельмі складаны, і чытанне яго кніг – не вечаровае лёгкае баўленне часу.
Проза яго не вызначаецца нейкімі мастацкімі карункамі, або стылістычнымі і жанравымі навацыямі. Яе можна назваць - суровай прозай Юрыя Станкевіча. Яна пераважна апавядальная і часам нават нагадвае кінасцэнар – дынамічнае дзеянне з адмысловым псіхалагічным зместам.
Апошнім часам Юры Станкевіч у Беларусі набыў імідж правага інтэлектуала і стаў амаль культавым пісьменнікам для моладзі адпаведных ідэалагічных перакананняў. З іншага флангу – ліберальнага – на пісьменьніка пасыпаліся розныя абвінавачванні і ярлыкі.
Дзіўна, што яшчэ не так даўно – напрыканцы ХХ стагоддзя – Юры Станеквіч не лічыўся ніякім экстрэмістам і тым больш “фашыстам”, а ягоныя кнігі свабодна выходзілі ў дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Як, напрыклад, адна з самых вядомых Станкевічаўскіх кніг “Любіць ноч – права пацукоў”. Кніга аб’яднала пад сваёй вокладкай невялікі аднайменны раман, пяць аповесцяў і два апавяданні.
Калі акрэсліць неяк універсальна-агульна, то яго творы прысвечаны вечнай тэме – барацьбе дабра са злом. Прычым зло ў кнігах Станкевіча надзвычай моцнае і нахабнае і як правіла перамагае. У кнігах пісьменніка часцей за ўсё са злом змагаюцца адзінкавыя смелыя людзі, якім не стае сілаў утрымаць хіжы наступ. Пісьменнік як бы наракае, што беларускае грамадства не здольнае само сябе абараніць. І робіць выснову – грамадства не сфармавалася ў паўнацэнны народ, які мае агульныя каштоўнасці, бо толькі агульныя каштоўнасці, у тым ліку і маральныя, людзі баранілі б, не шкадуючы сваіх жыццяў.
Вось і ў рамане “Любіць ноч – права пацукоў” намалявана трагедыя, якая адбылася ў невялікім беларускім гарадку Янаўску. Побач з хатаю самотнай жанчыны з дзіцём-інвалідам пасяліліся прыхадні, якія пачалі памнажацца як саранча. Яны гандлюць наркотыкамі, займаюцца нейкімі іншымі цёмнымі справамі, тэрарызуюць жанчыну. Кабета просіць паратунку ва ўчастковага, а ён упарта далдоніць, што гэта трэба даказаць. Суседзі пры сустрэчы сарамліва апускаюць вочы. Сканчваецца ўсё трагедыяй – гіне жанчына, бо прыхадням патрэбна яе хата. Яе брат прыязджае запозна і вымушаны пачаць з чужынцамі барацьбу.
Раман мае аптымістычны финал - брат перамагае і прымушае чужынцаў з’ехаць з горада. Але ўсведамляе, што гэта толькі часовая перамога, бо прыхадні неўзабаве паселяцца ў іншым месцы і ўсе пачнецца з пачатку.
Усё ж варта адзначыць, што не ўсе перасцярогі Юрыя Станкевіча, якія ён выказваў яшчэ ў 90-х гадах, спраўдзіліся. Той адкрыты разгул бандытызму, які тады назіраўся, спыніўся. Але пісьменнік несумненна мае рацыю ў тым, што зло заўсёды побач і трэба быць гатовым пачаць з ім змаганне.
162,4K