Рецензия на книгу
Хвілінка. Тры гісторыі
Ігар Бабкоў
Torvald529 октября 2017 г.Ігар Бабкоў яшчэ на пачатку XXI стагоддзя пакінуў ціхую гавань сваёй медыятыўнай паэзіі і выйшаў у адкрытае мора белетрыстыкі. Дэбютам на гэтым шляху стаў ягоны першы раман «Адам Клакоцкі і ягоныя цені», які выйшаў кнігай у 2001 годзе, а неўзабаве быў перакладзены і на польскую мову. Затым была кніга эсэістыкі «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньне руінаў». Затым чытач меў магчымасць пазнаёміцца з другім раманам Бабкова – «Хвілінка. Тры гісторыі».
Гэтая гісторыя пра адну менскую кавярню, якая ў 80-х гадах была любімым месцам спатканняў для адраджэнскай моладзі. Раман апавядае пра лёсы трох герояў - заўсягдаяў «Хвілінкі», якія ў студэнцкія часы пазнаёміліся, пасябравалі і разам рушылі ў дарослае жыццё.
Калі першы раман Бабкова ўяўляў сабой стракаты набор тэкстаў, якія самі па сабе з'яўляюцца аўтаномнымі і самадастатковым, а некаторыя з іх нават друкаваліся ў сярэдзіне 90-х як асобныя апавяданні, напрыклад, «Менская опера», то другі раман Бабкова ўжо ствараўся ад пачатку да канца як цэльны твор. Праўда, скразнога сюжэту ў ім таксама няма. На 230-ці старонках апісваюцца духоўныя і філасофскія пошукі трох сяброў – паэта, змагара і спявачкі, якія адчулі пакліканне слугаваць Беларусі. Іх змаганне пачалося з таго, што яны ў студэнцкім інтэрнаце, яшчэ за часамі Савецкага Саюза, таемна распаўсюджвалі тэкст верша Максіма Багдановіча «Пагоня». Дакладней распаўсюджваў змагар Францішак, а яго сябры былі выпадковымі, але свядомымі саўдзельнікамі. Чым далей яны працягвалі сваё змаганне, тым усё больш іх апаноўвала апатыя, сум і разгубленасць. Адна за адной выбарчыя кампаніі заканчваліся паразамі. У апазіцыі пачынаюць дамінаваць і кіраваць, як іх называе аўтар, «бухгалтары». Асноўныя апазіцыйныя палітычныя партыі драбнеюць і ўсё больш маргіналізуюцца. У краіне парушаецца шкала каштоўнасцяў і шэрасць шчыльна накрывае усё сваім задушлівым покрывам. Героі рамана спрабуюць зразумець, чаму так адбываецца і ці рэальна штосьці змяніць у гэтым раскладзе. І калі змагар Францішак робіць першыя крокі, каб нешта змяніць, калі спрабуе паглядзець на сітуацыю ў іншым ракурсе, то яго проста адсоўваюць ад справаў, а затым і пазбаўляюць кіруючай пасады ў партыі.
Сканчваецца кніга, як гэта любіць рабіць Бабкоў, метафізічна – калі сэнс не патлумачыш звычайнымі словамі: што сталася з героямі, куды яны зніклі і што адбылося далей. Героі нібыта вяртаюцца ў «Хвілінку», якая даўно ўжо не існуе ў новым часе. Ці значыць гэта, што героі вярнуліся ў свой мінулы час – у свае мары, памкненні і перакананні? У той час, калі ўсе задачы выглядалі рэальнымі і зразумелымі, калі шляхі вялі ў адным кірунку, а выкананне сваіх планаў, здавалася, залежыла толькі ад плёну ўласных намаганняў.
У анатацыі да кнігі напісана, што раман Бабкова «пра месцы, у якія мы патрапляем, і месцы, у якіх мы застаемся». Героі рамана ў маладосці трапілі ў «Хвілінку». Але ці засталіся там назаўсёды? Пра гэта напэўна можна будзе даведацца ў новым рамане Ігара Бабкова.
Ну і варта згадаць, што раман «Хвілінка. Тры гісторыі» быў адзначаны літаратурнай прэміяй Ежы Гедройца.
11367