Рецензия на книгу
Дзеці Аліндаркі
Альгерд Бахарэвіч
Torvald521 сентября 2017 г.Прачытаўшы кнігу, у мяне з’явілася адчуванне, што гэты раман вельмі асабісты для Альгерда Бахарэвіча. Бо і дачка ў яго ёсць ад першага шлюбу, якая з малых гадоў жыла з бацькамі ў Нямеччыне, выхоўвалася выключна па-беларуску і не вельмі добра ведала расейскую мову. Таму, магчыма, (гэта толькі мая версія) калі сям’я наведвала Беларусь, у дачкі ўзнікалі моўныя праблемы. Усе гэтыя пачуцці, гісторыі, думкі, перажыванні, звязаныя з мовай, пісьменнік пераплавіў у мастацкі тэкст – раман казку-антыўтопію “Дзеці Аліндаркі”.
Такім чынам, раман “Дзеці Аліндаркі” – твор пра мову, дакладней пра беларускую мову. Нечым ён перагукваецца з яшчэ адным раманам пра мову, які так і называецца “Мова”, яго напісаў Віктар Марціновіч. І першы, і другі – антыўтопіі. У першым і другім – мова апынаецца ў такім занядбанні і нават забароне, што на зямлі застаюцца лічаныя людзі, якія яе ведаюць і якія ўсялякім чынам імкнуцца яе захаваць.
Такім чалавекам у “Дзецях Аліндаркі” з’яўляецца Бацька, які жыве з малалетняй дачкой і выхоўвае яе выключна па-беларуску. Ён забараняе ёй нават размаўляць у школе, дзе яна ўвесь час маўчыць, каб ніхто не даведаўся пра яе беларускамоўнасць. Дачку ўрэшце ад Бацькі забіраюць і накіроўваюць у адмысловы лагер, дзе вучаць размаўляць “так як трэба”. У адмысловым лагеры дзяцей, якія маюць беларускі акцэнт, лечаць – і пігулкі нейкія даюць, і нават хірургічна.
Дзяўчынка ўцякае з “моўнай лякарні” з брацікам (праўда, цяжка зразумець, адкуль ён узяўся) у лес – блукаюць разам і трапляюць у розныя гісторыі, часам вельмі небяспечныя.
Казка ў Бахарэвіча атрымалася досыць песімістычнай. Дзяўчынку ўрэшце ловяць і зноў запраторваюць у лагер. Ідэі Бацькі церпяць крах, і ён сам канчаткова співаецца. Вяртаецца мама дзяўчынкі, забірае яе з лагеру і ўвозіць з сабой у іншую краіну. Вось такі фінал. Для дзяўчынкі можа і добры, але для Бацькі і яго ідэяў – поўная параза.
Сумная атрымалася ў Бахарэвіча казка. Гэта што датычыць зместу.
Што датычыць пабудовы твора, мовы, моўных знаходак і думак – то цудоўнае выкананне. Некаторыя раздзелы кнігі практычна з’яўляюцца асобнымі творамі – так бы мовіць аўтаномнымі казкамі. Нездарма кніга ўжо разцягнута на цытаты, напрыклад, “Час, вядома, добры хірург — але не найлепшы касмэтоляг”, альбо "Яліны, яліны, - прабурчэў Лёччык. - Калі сабраць яловыя шышкі, яліна табе слова ня скажа. А вось калі жолуд падняць, дуб адразу як зірне - мароз па скуры..."
І ці не галоўны герой рамана брацік Лёччык, які пажадаў лепш стаць помнікам, чым згубіць свае перакананні.
11418