Рецензия на книгу
Мова
Віктар Марціновіч
Torvald520 сентября 2017 г.Чытаючы гэтую кнігу, адразу згадваеш славуты раман-антыўтопію Джорджа Оруэла «1984». У рамане Віктара Марціновіча «Мова» таксама намаляванае жорсткае таталітарнае грамадства, у якім кантралюецца кожны рух і нават думка чалавека. У Оруэла структура, якая трымае жыхароў краіны пад сваім пільным наглядам, здзекліва называецца Міністэрства любові. У Марціновіча - гэта Дзяржнаркакантроль. Але гэтыя ўстановы вельмі падобныя, перадусім сваімі задачамі – максімальна кантраляваць жыццё грамадзян; і метадамі – жорсткім гвалтам над чалавечай годнасцю.
Аднак калі ў рамане Оруэла пераследуецца любое вольнадумства, дык у Марціновіча Дзяржнаркакантроль змагаецца з беларускай мовай.
Падзеі ў рамане «Мова» адбываюцца ў Беларусі, якая апынулася ў складзе Саюзнай дзяржавы Кітая і Расеі. Дакладней у Менску. Імперскія ўлады робяць усё, каб канчаткова ліквідаваць нават згадку пра Беларусь, таму забаранілі беларускую мову - захоўванне і чытанне беларускіх тэкстаў караецца дзесяццю гадамі турмы.
І ў сітуацыі жорсткай забароны беларускія тэксты ператварыліся ў наркатычны сродак. І гэтая сітуацыя нарадзіла двух тыпаў парушальнікаў закону імперыі – тых, хто падпольна гандлюе беларускамі тэкстамі, і тых – хто таемна купляе гэтыя тэксты і спажывае, так званыя моўныя наркаманы.
На бок абаранцаў мовы пераходзіць мясцовая трыяда, якая ўтварылася ўласна з байцоў кітайскай трыяды і змагароў з Беларускага ўзброеннага супраціву. Трыядай кіруе легендарная Цётка, якая лічыць, што галоўная задача супраціву – захаваць для наступных пакаленняў мову. Таму трыяда вышуквае апошнія кнігі, выдадзеныя па-беларуску, складае слоўнікі беларускіх словаў.
Увогуле раман Марціновіча мае сумны канец. Захоп тэлецэнтра трыядай і зварот праз тэлеэфір да беларусаў нічога станоўчага не прынёс. Сама Цётка знікла ў невядомым накірунку. Дылера беларускімі тэкстамі Сяргея, аднаго з галоўных героеў кнігі, забіў іншы герой рамана – спажывець беларускай мовы. І ў фінале – улада ўжыла моўны вірус, які канчаткова знішчыў беларускую мову. Вось такі сумны фінал.
Многія літаратурныя крытыкі і шараговыя чытачы адзінадушна адзначаюць, што з кнігі атрымаўся б добры фільм. Бо ў кнізе ёсць і захапляльны сюжэт, і незвычайная, небанальная фабула і пазітыўны пасыл. Маўляў, любая ўніфікацыя і жорсткі кантоль прыводзяць да сумных вынікаў, калі грамадства ператвараецца ў біяробатаў. У кожнай мове закладзены адмысловы нацыянальны код, згубіўшы які ўжо немагчыма супрацьстаяць разбуральнаму наступу ўніфікацыі. І ніякая трыяда тады ўжо не дапаможа.
10645