Рецензия на книгу
Возера радасці
Віктар Марціновіч
Torvald519 сентября 2017 г.Трэба толькі верыць
Калі коратка адказаць на пытанне: пра што новы раман Віктара Марціновіч «Возера радасці»? дык можна сьцісла патлумчыць: пра сучасную Беларусь. Але таксама і пра каханне, і пра сэнс жыцця, і пра прагу да грошай, і пра выпрабаванне лёсам, і пра мары беларусаў, і пра нелюбімых дзяцей, і пра пошукі шчасця, і пра абарону недатыкальнасці ўласнай асобы, і пра сістэму адукацыі ў Беларусі, і пра тое, што - там добра, дзе нас няма…
Сам Віктар Марціновіч у адным з інтэрв’ю прызнаўся, што гэта самы шчыры раман, з усіх ім напісаных.
Раман распавядае пра дзяўчыну Ясю, якая вырасла ў сям’і беларускага алігарха, і якую алігарх не любіў і ніяк не клапаціўся пра яе лёс. Прычым настолькі ніяк – што не дапамог ёй у самых складаных жыццёвых сітуацыях. Ці могуць быць у прыродзе такія алігархі? – гэта іншае пытанне. Але ў рамане менавіта такі. Уся Беларусь яго ведае і баіцца амаль як вышэйшую ўладу ў краіне. А сваю адзіную родную дачку гэты “гаманец рэжыму” запраторвае па размеркаванні пасля журфаку ў глухі раён на Вілейшчыну – каб далей з воч. Яся не вытрымлівае выпрабаванне правінцыяй і ўцякае назад у Менск. І тут імкліва ўзнікае тузін праблемаў. З дзяўчыны пачынаюць патрабаваць кампенсацыю за навучанне на бюжэтнай аснове. Бацька грошай не дае. Судовыя выканаўцы апісваюць апошнія яе рэчы. Яся едзе на заробкі ў Маскву і працуе ў начным клубе “светлячком”. І тут яна сутыкаецца з іншым бокам жыцця – сталічным. Дзе таксама не бачыць ніякага прасвету і разумее, што такое жыццё вядзе да незваротнай дэградацыі, такой самай – як і ў правінцыі. Дзяўчына ўцякае ў Вільню і паступае ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, прычым ёй прызначаюць стыпендыю. І тут на яе абрыньваецца яшчэ больш бедаў і праблемаў. Высвятляецца, што яна цяжарная. Затым журалісты пранюхалі, што яна дачка вядомага беларускага алігарха - і яе пазбаўляюць стыпендыі і пераводзяць на плытнае навучанне. А затым яшчэ дзяўчына губляе дзіця, а самой ледзь-ледзь выратавалі жыццё.Вы скажаце, так не бывае ў жыцці. Але ў жыцці бывае яшчэ горш. Часам ніводзін пісьменнік ніколі не прыдумае так, як бывае ў жыцці.
І чым усё гэтая гісторыя сканчваецца? Фінал, можна сказаць, чыста беларускі. Бацьку Ясі арыштоўвае ў ягоным доме-палацы спецназ. І толькі дачка, як бліжэйшы сваяк, можа цяпер насіць яму перадачы ў следчы ізалятар КДБ. І дзяўчына носіць перадачы. Працуе гандляркаў у невялічкай краме бытавой хіміі. Жыве ў няўтульнай кватэры, якую сама здымае побач з працаў. І па-ранейшаму верыць у тое, што можна трапіць на возера Радасці, якое знаходзіцца на Месяцы. Трэба толькі верыць.
10613