Логотип LiveLibbetaК основной версии

Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.

Рецензия на книгу

Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917-1929 гг.

Аляксандр Гужалоўскі

  • Аватар пользователя
    xbohx13 сентября 2017 г.

    Думаю, тэрмін "сэксуальная рэвалюцыя" вы чулі не раз. Так называюць працэс і вынік карэнных змен ў сэксуальным жыцці грамадства. І Гужалоўскі ўпершыню разглядае гэтае пытанне ў адносінах да беларускага грамадства.
    Перыяд пасля рэвалюцыі 1917 года сапраўды характарызаваўся вялікай сэксуальнай разняволенасцю людзей. Гэта тлумачылася банальным імкненнем да свабоды асобы, жаданнем пазбавіцца путаў шлюбна-сямейных адносін, мець магчымасць свабодных стасункаў. Чытаючы кнігу, можна падумаць, што Савецкая Беларусь у тыя часы была яшчэ тым лунапаркам "з блэкджэкам і шлюхамі".


    Савецкая Расія (а разам з ёю і Савецкая Беларусь) стала першай краінай свету, якая дазволіла ўласным грамадзянам рабіць аборты без абмежаванняў).

    Аўтар прыводзіць прыклады з рэальных дакументаў, судовых спраў, распавядаючы, як, напрыклад, умоўны жыхар вёскі Малыя Драндуны Вася Пупкін забіў сваё толькі народжанае дзіця, каб не плаціць аліменты. І далей прыклады такога кшталту пра гвалт, забойствы, заляцанні.

    Большую частку справы па разняволенні савецкага чалавека зрабілі бальшавікі пасля рэвалюцыі, бо гэта было часткай іх плана па стварэнні так званага "новага чалавека". І ў апісанне гэтага чалавека ніяк не ўваходзіў традыцыйны шлюб (афіцыйна зарэгістраваны). Большую папулярнасць атрымаў так званы "фактычны шлюб" (што цяпер многія з нас памылкова называюць грамадзянскім), калі мужчына і жанчына проста жылі разам без рэгістрацыі ў ЗАГСе ці царкве. Шмат расказваецца пра жыццё ў камунах, таварыскія адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі. У кнізе прыводзяцца прыклады з жыцця вядомых асоб: пісьменнікаў, акцёраў, палітычных дзеячаў. Напрыклад, разглядаецца прыватнае жыццё актрысы Стэфаніі Станюты, паэта Уладзіміра Маякоўскага.
    Уздымаецца праблема абортаў, аліментаў, розных відаў сэксуальных дэвіянтных паводзін: гвалту, прастытуцыі, у канцы кнігі крыху ўвагі надаецца нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Сустрэла ў кнізе апісанне страшнага метада аборта, калі на жывот цяжарнай ставілі гаршчок з нагрэтым паветрам... Увогуле, шмат страшнага і непрымальнага для нашага цяперашняга разумення.

    Асабліва цікавай для мяне была глава «"Новая мараль" у мастацкім увасабленні», дзе аўтар разглядае ўвасабленне адносін паміж мужчынамі і жанчынамі ў мастацкай творчасці. Пасля таго, як прачытала назву главы, адразу падумала пра аповесць Зарэцкага "Голы звер", таму была не здзіўлена, сустрэўшы яе ў кнізе.

    Але як імкліва развярнулася гэтая рэвалюцыя, так імкліва і скончылася.


    Такім чынам, сэксуальная рэвалюцыя 1920-х гг., не запатрабаваная большасцю беларускага савецкага грамадства, але навязаная яму ўладай, была згорнута таксама зверху, у сувязі са зменай палітычнага курсу.

    Варта самому прачытаць кнігу, бо яна апісвае сапраўды шмат розных праблем і пытанняў таго часу. Ну і трэба ўжо нарэшце глянуць фільм "Проститутка", які згадваўся ў кнізе і дзеліць славу першага беларускага мастацкага фільма разам з "Лясной быллю".

    9
    155