Рецензия на книгу
Мова
Віктар Марціновіч
yozas_gubka1 сентября 2017 г.Мова постмадэрнізму
“Мова” – другі раман Марціновіча, які я прачытаў, і ён падаўся мне трохі менш цікавым чым “Сфагнум”, можа з з-за таго, што я пачаў заўважаць пэўныя аўтарскія самапаўторы ў тэксце, ці з-за таго, што ў “Мове” я пабачыў нашмат больш запазычванняў з твораў масавай культуры і менш арыгінальных думак, чым у папярэнім прачытаным рамане, не ведаю.
Тое што я тут панапісваў па сутнасці не рэцэнзія і нават не агляд, я проста па старой звычцы хачу правесці паралелі паміж сюжэтам “Мовы” і раней прачытаным і прагледжаным маскультам, а таксама разгадаць адсылкі, закладзеныя аўтарам (і тут я магу памыляцца, гэта натуральна). Хачу заўважыць, што я насамрэч не ўспрымаю такія адсылкі і запазычванні за нешта дрэннае, я ў прынцыпе люблю постмадэрнізм і яго ідэю пра тое, што нічога новага напісаць ужо нельга і застаецца толькі гуляцца з формай (калі казаць спрошчана), таму адсылкі раскіданыя па тэксту “Мовы” для мяне толькі нагода пацешыца: “вось я заўважыў падабенства, а нехта, можа, і не надасць увагі.”
У пасце пра “Сфагнум” я выказаў меркаванне, што “Мова” – гэта беларускі кіберпанк (ну можа не кіберпанк, бо ён, як мы ўсе ведаем, памёр, пра што яшчэ дзесяцігоддзі таму казалі айцы-заснавальнікі Уільям Гібсан і Брус Стэрлінг, а які софт-пост-кіберпанк, але гэта не істотна). Усё-ткі па заканчэнні чытання я магу абазначыць жанравую прыналежнасць “Мовы” хутчэй больш блізкай да антыўтопіі з вялікай доляй палітычнай сатыры, чым да (пост)кіберпанка. Так, ноткі класічнага “high tech, low life” (сучасныя хмарачосы сярод трушчобаў чайнатаўну) у рамане Марціновіча прысутнічаюць, але носяць хутчэй дэкаратыўны характар, як дэталь антыўтапічнага свету і не больш.
Ну а цяпер пра адсылкі і паралелі:
1) Вялікая Кітайская Сцяна за Брэстам. Ідэя саюзнай дзяржавы Расіі і Кітая і ў прынцыпе такога антыўтапічнага свету недалёкай будучыні, які апісаны ў “Мове”, як мне здаецца, наўпрост пазычана ва Ўладзіміра Сарокіна з яго цыклу “Дзень апрычніка”-“Цукровы крэмль”. Тая ж Вялікая сцяна, якая адгарожвае Вялікі Кітай, ад загніваючага Захаду, памяшанасць мясцовага насельніцтва на кітайскай культуры, кітайская мафія, гіганскія чайнатаўны ў буйных усходнееўрапейскіх гарадах, успрыняцце тутэйшымі сябе як далёкай ускраіны і культурнай глушы “кітайскага свету” - усё гэта ёсць і ў “Мове”, і ў “Дне апрычніка”. Сусвет раманаў настолькі падобны, што я б напэўна не сільна памыліўся, калі б палічыў, што падзеі “Мовы” адбываюцца наўпрост ў адным сусвеце і ў адзін час з падзеямі “Дня апрычніка”, проста праходзяць яны ў Мінску, а не ў Маскве.
2) Брэнды. Узгадванне ў тэксце вялікай колькасці рэальна існуючых брэндаў і гандлёвых марак – гэта, у прынцыпе рыса, класічнага кіберпанка 1980-х. Прыгадайце тэкст “Нейраманта” ці відэашэраг “Блэйд раннера” – паўсюль яскравая рэклама, лагатыпы і вядомыя маркі. Марціновіч трохі развівае гэтую тэму ў бок прыдуманай у межах рамана шопінг-рэлігіі, якая падзяляе людзей паводле прыналежнасці да таго ці іншага брэнду. Тыпажы “Adidas Basics” ці ”Brioni” мы бычым вачыма аднаго з двух герояў “Мовы” – барыгі-драгдыллера, які часта бадзяецца па загніваючых яўропах, дзе і падхапіў вірус шопінг-духоўнасці.
3) Кітайская мафія. У прынцыпе цяжка пісаць пра кітайскую мафію і не нагарадзіць штампаў і клішэ пра трыяды з вядомых усім ганконгскіх баявікоў і стужак Джона Ву. Дый Марціновіч і сам вуснамі сваіх герояў іранізуе з гэтай нагоды: маўляў, інфу пра трыяды я ведаю з глянцавых часопісаў, але хто ж там праўду напіша. Мне асабіста яшчэ спадабалася ўзгадка таго, што трыяды ў Беларусі ездзяць на нямецкіх машынах, якасць якіх у рамане апісваецца як скрайне дрэнная (еўропа ж канчаткова загніла), па старой звычцы прывезенай з азіі, дзе нямецкія машыны сярод кітайскага ламачча мелі статус прэстыжных і рэдкіх, у свеце “Мовы” і “мэрсэдэсы” ламаччо, але супраць традыцыі не папрэш.
4) Матрыца. Сцэна знаёмства барыгі з Цёткай проста адна вялікая візуальная адсылка да “Матрыцы”: сустрэча ў закінутым старым доме, два пашарпаныя скураныя фатэлі каля коміна – усё гэта нагадвае акалічнасці першай сустрэчы Неа і Морфеўса ў арыгінальным фільме 1999 года.
5) Частка з апісаннем перыяду працы джанкі ў рэкламным агенстве разам з Ганіным (якому потым Дзяржнаркакантроль прамыў мазгі) – гэта адна вялікая адсылка да “Generation «П»” Пелевіна. Марціновіч і не хаваецца, ягоны Ганін гэта наўпростая алюзія на пелевінскага Ханіна – уладальніка рэкламнага агенства, дзе працаваў галоўны герой.
6) Дзяржнаркакантроль. Арганізацыя, за непрыкметнай бюракратычнай шыльдай каторай, хаваецца злавесная цень сусветнага жандара, які цягне за нітачкі і кіруе таемнымі механізмамі сусвету – гэта вобраз з класічных антыутопій. Па сутнасці Дзяржнаркакантроль з “Мовы” гэта Міністэрства любові з “1984” Оруэла. Шэрыя непрыкметныя дзярслужачыя, якія усё пра ўсіх ведаюць, і калі трэба цягнуць за таемныя рычажкі, каб атрымаць патрэбны ім вынік. Дарэчы, узгаданы ўжо вышэй рэкламшчык Ганін, пасля прамыўкі мазгоў у Дзяржнаркакантролі выглядаў як галоўны герой “1984” у канцы раману пасля праходжання падзямелляў Мінілюбу.
7) Мова. Цяпер звернемся да самага галоўнага - да ідэі мовы як наркотыка. У прынцыпе ідэя ўплыва тэксту на свядомасць і пачуцці не праз змест, а праз самі літары і словы ў адрыве ад іх сутнасці не новая. Варта ўзгадаць філасофію постструктуралізма, згодна з якой любая мова ўжо сама па сабе абмяжоўвае свабоду выказвання думкі чалавекам, бо у сваёй структуры ўтрымлівае вялікі шэраг абмежаванняў. У больш шырокім сэнсе мова фарміруе чалавечыя думкі і паводзіны самім фактам свайго існавання. “Мова – гэта фашыст” казаў пра гэта Ралан Барт. Так што ідэя мовы-наркотыка, якая проста сваёй структурай выклікае у мазгу чытача пэўныя нейрафізіялагічныя рэакцыі можа выцякаць і з постструктуралістскіх выкладак. Ну і ідэя мовы-віруса, апісаная ў канцы кнігі Марціновіча, таксама не новая і ўжо сустракалася ў літаратуры. У прынцыпе, завяршальная частка рамана “Мова” нагадала мне апавяданне Леаніда Каганава “Закляцце духаў цела”, у якім таксама праз хібы ў тэкце на героя было аказана ўздзеянне, якое паўплывала на ягоны фізічны стан (пачытайце, вельмі цікавае і па-сапраўднаму страшнае апавяданне).
Як я ужо казаў, такая колькасць адсылак (зрэшты, я мог чагосці не знайсці, ці наадварот прыцягнуць нешта за вушы) не ёсць чымсці дрэнным. У нашым свеце арыгінальнай можа быць проста ідэя спалучэння некалькіх неарыгінальных ідэй ў адзін твор, які будзе выглядаць нечакана. Марціновіч сабраў некалькі кіберпанкаўскіх і антыўтапічных ідэй, дадаў да іх актуальныя беларускія моўныя і палітычныя праблемы, памясціў дзеянне ў беларускі сэттынг і, вуаля, атрымаўся арыгінальны твор. Ну ў каго яшчэ можна пабачыць такія цудоўныя апісанні посткітайскага Мінска з чайнатаўнам-Нямігай і плошчай Перамогі запоўненай кітайскімі алтарамі ў гонар памерлых?
5615