Рецензия на книгу
Сарока на шыбеніцы
Альгерд Бахарэвіч
Pippilotta17 марта 2017 г.Самае моцнае літаратурнае уражанне апошняга часу. Прыўкрасная кніга!
Вераніка, галоўная гераіня, памірае. Мы бачым яе цела ў не зусім натуральнай паставе. І аўтар быццам пачынае прэпараванне. Гісторыю жыцця Веранікі ён распавядае праз яе цела. Вось валасы Веранікі. За іх так балюча торгаў яе сакурснік. Яны з-за ветра прыкра набіліся ў рот на мітынгу. Іх любіў мыць яе палюбоўнік. Яны хавалі яе не надта прыгожыя вушы. Свая гісторыя ў ног Веранікі, яе зубоў, грудзей, жывата.
Вераніка - увасабленне цялеснасці. Яе персанаж амаль цалкам пазбаўлены таго што можна назваць душой, ці напрыклад, схільнасцю да рэфлексіі сябе і свету. Яна існуе, як прыгожая жывёла. Тое, што адбываецца па-за целам, яе мала цікавіць.Нязгодныя з уладай "фашысты", лагера для ворагаў народа, арышт уласнага брата, святочныя мітынгі с песнямі, пляскамі і сцягамі - усё гэта толькі дэкарацыі, якія мала значаць для Веранікі. Жахліва мала значаць.
Як шыбеніца на карціне Брэйгеля для тых вяскоўцаў, што танцуюць побач. Шыбеніца для іх - звыклая частка пейзажу. Яна стаіць, дзе стаіць, ужо наццаць гадоў. Так, часам на ёй хтосьці боўтаецца, але да іх гэта амаль не мае дачынення. Проста такія дэкарацыі выпалі на іх долю. Ды й для сарокі шыбеніца - месца адпачынку, не болей.Але я ўжо не магу не заўважаць шыбеніцу. Я не хачу танцаваць побач.
3380