Рецензия на книгу
По ком звонит колокол
Эрнест Хемингуэй
Irina_Tripuzova9 октября 2016 г.Хемінгуэй па-беларуску
Умей пражыць жыццё за дзве ночы, якія табе наканаваныя; умей увабраць усё, што трэба было б мець за ўсё жыццё, у той кароткі час, які табе застаецца.Зусім не падабаецца мне беларускі пераклад назвы гэтага рамана ў стылі "масла масленае". Няўжо нельга было нічога зрабіць? Можна было б, напрыклад, крыху перайначыць арыгінал і — "Па кім звон" — гучала б куды лепш...
Па тэксту асаблівага перакладчыцкага крэатыву, на шчасце, не назіралася. Хіба што нейкі посуд з назвай "паўмісак" (наколькі зразумела, гэта талерка), ды назва абутку, што сустракаецца на кожнай пятай старонцы, — "сандалі на вераўчанай падэшве" (звыклае слова "вяровачная" тут, відаць, аніяк не падыходзіла).
Да зместу гэтага класічнага твора ў свеце апошніх сусветных падзей, мімаволі, падыходзіш крытычна.
Хто такі Роберт Джордан? "Легіянер", як сказалі б сёння, які падаўся ў ваюючую краіну, лічы, за прыгодамі, хоць сам ён тлумачыць гэта сваімі ідэаламі і перакананнямі.
Чужынцы, мне здаецца, ніяк не павінны ўмешвацца ў справы іншай краіны, калі яны датычацца рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Яны не ведаюць людзей, што тут жывуць, не ведаюць, што ім патрэбна і часцей за ўсё толькі шкодзяць.
Той жа высакародны Роберт Джордан, урэшце, пакідае пасля сябе тузін-другі людзей, забітых за тое, што яны яму дапамагалі. Але ж вінаватым у іх смерці Джордан сябе не адчувае: ён жа змагаецца за шчасце ўсёй Іспаніі!
Вялікае каханне Роберта і Марыі? А яно і не магло быць іншым для Роберта, які, відаць, падсвядома ўсё ж адчуваў, што загіне праз пару сутак. І не магло быць іншым для Марыі, якой Пілар патлумачыла, што толькі сапраўднае каханне змые з яе бруд згвалтавання.
Па сутнасці гэта маланкавае, яркае пачуццё на фоне ўсеагульнага стрэсу. Але ж нам хочацца верыць у Каханне. Што ж, няхай будзе Каханне!
...Для ілюстрацыі рэцэнзіі я выбрала кадр з экранізацыі рамана з Інгрыд Бергман. Ніколі б не паверыла, што тыпова скандынаўская прыгажуня Бергман зможа ўвасобіць маладзенькую іспанку Марыю. Аднак жа...183