Логотип LiveLibbetaК основной версии

Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.

Рецензия на книгу

Век людзей

Маргарыта Латышкевіч

0

(0)

  • Аватар пользователя
    SteelIy
    17 января 2026

    Нацыянальнае фэнтэзі са скандынаўскім каларытам

    Чаму "Век людзей" – гэта менавіта знакавы тэкст, нейкая вяха ў беларускім фэнтэзі?
    Па-першае, перад намі нарэшце тэкст, які можна аднесці да міфалагічнага або эпічнага фэнтэзі – жанраў, якія даюць штуршок для развіцця іншых фэнтэзійных жанраў. Зразумела, нельга цалкам параўноўваць тэкст "Века людзей” ні з “Уладаром кольцаў”, ні з сагай аб Геральце з Рывіі – аднак некаторыя паралелі сапраўды маюцца.
    І асноўная паралель – жанравая: зварот да нацыянальнага міфа, яго творчае пераасэнсаванне і інтэрпрэтацыя, яго ажыўленне праз фантазію аўтара.
    Менавіта па гэтым шляху ідзе Маргарыта Латышкевіч, злучаючы ў сваёй кнізе нацыянальны міфалагічны матэрыял – і скандынаўскія песні і паданні. І без таго роднасныя матывы становяцца суцэльнымі, амаль неаддзельнымі.
    Так, мы бачым вобразы з беларускай (ці славянскай) нізкай міфалогіі: кікімара, кадук, пачніцы, рарог (вогненная птушка) і т.д. Да ўсходнеславянскай міфалогіі адсылае і імя Макош – багіні зямлі, вод і ўрадлівасці.
    А вось канцэпцыя “курганнага народу”, вобразы падменышаў, спевы рун на камянях – гэта ўсё адсылае нас хутчэй да свету міфалогіі скандынаўскай, да міру альваў, чароўных скал і камянёў, таямнічых вандроўнікаў і рун.
    Зусім нездарма цэнтральным вобразам рамана з'яўляецца рака памяці. Падарожжа галоўных герояў – гэта на самай справе паход да вытокаў, спроба ўспомніць забытае. Аўтар разам з персанажамі ідзе да вытокаў сваёй міфалогіі, сваёй памяці, да сваіх каранёў. І таму так арганічна пераплятаюцца ў рамане дзве культуры і дзве міфалогіі, – злучаючы агульныя для іх, роднасныя вобразы. Вобразы Дзікага Палявання, вянка зімы і Белага Князя, коткі як правадыра ў іншы свет, вядзьмаркі і вервольфа, вандроўніка-музыкі…
    Сюжэт складаецца з падсюжэтаў-квэстаў з заданнем “забіць пачвару і вярнуцца”. Аднак місіі герояў цяжкія і небяспечныя, з пошукамі не толькі Старых Звяроў, але і адказаў на няпростыя пытанні. А вобразы пачвараў могуць быць не такімі ўжо адназначнымі (узяць хоць Башту, рагатага гаспадара балот, або гісторыю пра паўдзённіцу). Супрацьстаянне кожны раз напружанае, а сюжэтныя павароты – нечаканыя. Акрамя таго, асобныя падсюжэты паступова зліваюцца ў адзіны сюжэт-раку, а невялікія місіі робяцца часткай фінальнага, асноўнага супрацьстаяння – і вось нечакана аўтарка уводзіць у тэкст элементы дэтэктыва. Чаму каля людскіх паселішчаў зноў з'яўляюцца жахлівыя старыя звяры? Чаму Дзікі Гон пераследуе нявіннага музыку Яся? Чаму нехта знішчае старыя прошчы? Чытачу даводзіцца збіраць здагадкі паступова – з абмовак Вотана і Яся, сноў Доная... і назіраць за гэтым працэсам разгортвання сюжэту, разгадвання асноўнай таямніцы – надзвычай займальна. Тым больш, што стаўкі паступова павышаюцца, і вось на вагах ўжо – не некалькі жыццяў або некалькі паселішчаў, а ўвесь «сусвет Вугеры».
    І вобразны шэраг, і канфлікты, і падсюжэты аўтарам прапісаны вельмі якасна. Да якога баку твора чытач не звернецца – ён сустракаецца з яркім, цікавым, арыгінальным.
    Апавяданне хаця і досыць павольнае (бо шпаркага апавядання ў гэтым жанры папросту не існуе) – але ўсё-ткі мае дастаткова займальных падрабязнасцяў, дробязяў, апісанняў, жартаў, – каб тэкст не хацелася адкласці на паўдарогі.
    Гутаркі стражнікаў, жартачкі Вельса, іранічны погляд галоўнага героя, падколкі Сташкі і спробы Яся падабраць чарговую рыфму прыўносяць у тэкст нязменнае жаданне ўсміхнуцца. А цёплыя адносіны Вотана і яго жонкі Нешки – дадаюць месцамі амаль што сямейнай утульнасці. Аўтарка выдатна трымае баланс паміж “цёмным фэнтэзі”, “міфалагічным фэнтэзі” і “гераічным, прыгодніцкім фэнтэзі”. Карціны жудасныя арганічна спалучаюцца з бытавымі пацешнымі замалёўкамі, і чытач паспявае перадыхнуць, пераключыцца і набраць паветра перад наступным паваротам сюжэту.
    Вядома ж, апавяданне неаддзельна ад стылю. А Маргарыта Латышкевіч сапраўды зрушвае на рубільніку беларускай мовы рычаг “да ўпора”. Гэта і лёгкая, мілагучная, маляўнічая мова апісанняў, і выразна пададзеныя дэталі, і да мурашак вусцішна прапісаныя пацвары ці сны галоўнага героя. Усё, каб зрабіць свет вакол чытача – жывым, бачным, пахкім, чутным.
    Аднак казкі, як вядома, дрэнна ўмеюць заканчвацца. Скончыш адну – а следам прывяжацца, зачэпіцца, пацягнецца наступная. І таму адчуванне перспектывы, казкі ці легенды за якой можа ісці нешта наступнае – раману толькі на карысць.
    Урэшце, кніга Маргарыты Латышкевіч валодае яшчэ адной якасцю, якая патрэбна выдатнаму твору. Гэта унікальнасць.
    Бо падобных кніг ні ў беларускай, ні ў рускай літаратуры папросту не існуе.

    like5 понравилось
    104