Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Калі асядае муць

Тодар Кляшторны

  • Аватар пользователя
    homa_bellit2 ноября 2025 г.

    Беларускі нуар 1920-х

    Упаднік, дэкадэнт, "ледзяны гітарыст" і прыхільнік "эстэтычнага алкагалізму" - гэта ўсё пра Тодара Кляшторнага. Ціхі, сціплы, выключна ветлівы і далікатны чалавек - таксама пра яго. Тодар ня быў хуліганам ці правакатарам, аднак нязменна прыцягваў увагу крытыкаў, якія навешвалі на яго самыя разнастайныя цэтлікі. Сярод абвінавачванняў значылася і багемшчына, якая, аднак, мела свае асаблівасці. Максім Лужанін згадваў, што пакой Кляшторнага быў найбольш прыдатным месцам для сустрэч (ягонай згоды нават не пыталі), дзе маладыя літаратары скідаліся на пляшку лошыцкага віна з агрэсту ці антонаўкі, а таксама сціплы перакус. Каб зрабіць свой унёсак, Кляшторны ўздыхаў, старанна абмацваў кішэні і знаходзіў заўсёдны сімвалічны рубель. Іншая справа была ў тыя дні, калі плацілі ганарар: Кляшторны запрашаў у рэстацыю ўсіх, хто трапляўся па дарозе.

    Найбольш вядомы твор Кляшторнага - паэма "Калі асядае муць", надрукаваная ў часопісах "Узвышша" за 1927-1928 г. Гэта было смела, бо агульнаму трэнду на бадзёрыя хваласпевы паэт супрацьпаставіў тужліва-маркотныя роздумы, поўныя расчараваннем тагачасным грамадскім жыццём. Нават сама магчымасць быць сумным з'яўлялася пэўным выклікам, бо сведчыла аб непрыманні парадкаў і імкненні быць свабодным у сваіх пачуццях. Ды і ўвогуле вы ўяўляеце, як можна забараніць беларусу быць сумным?

    Паэма мае пэўны сюжэт, які пачынаецца з сустрэчы двух старых сяброў пасля сямігадовага расстання. Твор, аднак, не столькі пра дзеянне, колькі пра рэфлексію. Вуснамі герояў, рэаліста Андрэя і аптыміста Тодара, аўтар вядзе пранізліва шчырую гутарку з самім сабой. Раскрывае Кляшторны і лінію кахання да Ніны, якая мела рэальны прататып - так звалі дзяўчыну, якая не дачакалася Тодара.

    Праз размытую кампазіцыйную пабудову тэкст успрымаецца цяжкавата, ды і сам Кляшторны не заўжды дбае пра тое, каб выразна акрэсліць пераход ад аднога героя да іншага. Што да мяне, то гэта не дужа замінае, бо паэма падабаецца глыбокім пагружэннем у нуар 1920-х, шчодра аздоблены алкагольнымі метафарамі. Можна пачытаць электронную версію ці паслухаць агучку на ютубе - яна проста шыкоўная.

    3
    20