Рецензия на книгу
Любiць ноч — права пацукоў
Юры Станкевiч
Morra1 октября 2015 г.мы грэбаныя псіхі. (с)
Цемра ахоплівае ўсё навокал. І невядома, як з ёй змагацца, бо кожная барацьба пачынаецца з сябе, з прыняцця нейкага вельмі важнага рашэння, з вызначэння, хто ты такі і на што ты здатны. А задаваць сябе складаныя пытанні і тым больш шукаць на іх адказы нашы людзі не вельмі любяць. Прынамсі, прызвычаіцца можна да любых складаных умоў. Абы не было горш.
Цяжка было выбраць больш зручны момант для чытання – бо ў той час, як Еўропа шукае выйсце з сітуацыі з нелегаламі, у кнізе Станкевіча "бежанцы" ўжо засялілісь, прыжылісь, захапілі "жыццёвую прастору" і пераўтварылісь у гаспадароў невялічкага правінцыйнага горада, куды прынеслі бруд, смецце, наркату і крымінал. Але гэта толькі на першы погляд. Бо чужынцы нездарма не называюцца па імені, а сітуацыю пры ўсёй канкрэтнасці падзей трэба ўсё ж такі ўспрымаць хутчэй як прыпавесць і папярэджанне. Але хто іх слухае...
Праблема не ў чужынцах, зразумела; праблема ў нас. Бо, як казалі яшчэ героі Караткевіча, "У нас – толькі магілы. Толькі адны магілы, раскіданыя па гэтай зямлі". Еднасць – міт, любоў і павага – міт. І толькі "мая хата з краю" і "кожны сам за сябе" – сумная рэчаіснасць. І калі надыходзіць бяда, змагацца з ёй, шукаць справядлівасці можна толькі ўласнымі сіламі. Гэта калі яны ўвогуле ёсць, бо Даніла з рамана - гэта звышчалавек, я такіх сустракала адзінкі. Такія не ўцякаюць, падціснуўшы хвост, не пагаджаюцца з мацнейшымі, не мірацца са злыбядой. Яны дзейнічаюць і, так, часцяком перамагаюць. Але перамога па выніку падаецца штучнай і тэрміновай. Перамагчы ў бойке не ёсць перамагчы ў вайне.
Змрочны раман. Але гэта першая бескампрамісная пяцёрка за ўвесь год. За шчырасць, за вытанчанае балансаванне на грані моцы і дрэннага густу, за ўзняцце такіх балючых, няёмкіх і такіх важных пытанняў, за актуальнасць, бо мастацтва дзеля мастацтва - гэта мярцвячына і пустаслоўе. І як бы там ні было, надзея яшчэ ёсць.
232,5K