Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Мова

Віктар Марціновіч

  • Аватар пользователя
    Jahnnushka28 августа 2015 г.

    Сьмяротнае пакараньне за мову

    Мова. Віктар Марціновіч. -- Мінск: Кнігазбор, 2014 г.

    Атрамантам па дахоўцы
    Кніга Віктара Марціновіча "Мова", чацьвёрты раман пра Беларусь, выйшла ў верасьні 2014. Першы тыраж быў раскуплены менш чым за месяц. На сайце 34mag.net, дзе рускамоўны варыянт кнігі распаўсюджваецца афіцыйна бясплатна, ў сакавіку было 4000 запамповак. Хутка раскупілі і дадрукоўку, якая ўжо здабыла ілюстрацыі і мастацкі каліграф Лі Цзо на вокладку. Калярытныя іерогліфы: 墨 - атрамант і 瓦 - дахоўка - складаюць фанэтычны адпаведнік слова "мова" і ўводзяць чытача ў кітайскі кантэкст твору. Дзеяньне кнігі адбываецца ў саюзнай дзяржаве Расіі і Кітаю, дзе ўсё беларускае забароненае, закінутае і забытае, у тым ліку й мова. Ужываньне мовы ў выглядзе тэкстаў дзейнічае на колішніх беларусаў - "тутэйшых" - як псіхадэлік, але паграджае 10 гадамі пакараньня.
    Напэўна, гэта першая кніга па-беларуску, у якой ёсьць усе чыньнікі бэстсэлера - захапляльны сюжэт, кранальныя пачуцьці, наркатычныя трыпы, інтрыга і каханьне. Дадаць да гэтага лёгкі для ўспрыманьня стыль аповеду, толіку аўтарскай самаіроніі і рэдкія ледзь заўважныя радзынкі постмадэрнізму -- і ў выніку атрымліваецца такая чытанка, якой даўно не ставала сучаснай беларускай літаратуры. І, мне падаецца, што гісторыя гэтай кнігі яшчэ толькі пачынаецца.

    Каго торкае "Мова"?
    Больш за ўсё "Мова" павінна "ўключаць" пакаленьне, якое ў канцы 90-х стварала авангардны беларускамоўны студэнцкі рух, абірала бел-чырвона-белае, бегала па мітынгах, канцэртах гурту "Уліс" ды імпрэзах беларускіх паэтаў, марыла пра перамогу дэмакратыі ў сваёй краіне. Гэты рух быў вельмі ўзьнёслы, рамантычны. Ён быў пазбаўлены сёняшніх трэндавых банцікаў-вышыванак, татушак і майткоў з залатымі старадаўнімі арнамэнтамі, а пра афіцыйныя буйныя імпрэзы і сваю беларускамоўную кавярню можна было толькі марыць. Гэта былі часы, калі мову канкрэтна прыціскалі. Яна хоць і мела статус дзяржаўнай, але лічылася адметнікам вольнадумства. Пэўна па-свойму раман разумее пакаленьне сучасных 20-цігадовых.
    "Мова" торкае таксама мінскую растаманскую тусоўку, тых, хто добра ведае, як знайсьці цыганаў на Ангарскай ці чаму ня трэба крыўдзіць бога мовы, прататыпам якога без сумневаў зьявіўся бог Джа. Прынамсі старонкі прысьвечаныя наркагандлю, выклікаюць сціплую настальгічную сьлязу.
    "Мова" - белетрыстыка ў добрым сэнсе гэтага слову. Гэта просты, без стылёвых вычварэньняў, і сапраўды захапляльны раман пра сучаснасьць, які хаваецца за маскай фантастычнае антыўтопіі.

    Увага да слова
    Для пасьпяховага дыялёгу з чытачом, у кнізе павінна быць каханьне, няшчаснае ці, як у выпадку з "Мовай", недасяжнае. Але часам мы разумеем, што шчасьце як раз у самім шляху да мроі і нават у тых эмацыйных перажываньнях, якія яго суправаджаюць. Герой рамана разумее гэта, спрабуючы знайсьці слова, адзінае, але вельмі важнае, загубленае недзе на старонках Санэтаў "Шэкспіра", цудоўна перакладзеных Уладзімірам Дубоўкай. Слова гэта пазначае "пяшчотную эмацыйную повязь з любай табе асобай". І наш герой літаральна пералапачвае і вывучае на памяць усю кнігу. Пасьля чытаньня, па праўдзе кажучы, хочацца таксама залезьці ў зборнічак "Сэнетаў". Такім чынам, "Мова" у пэўным сэнсе кніга інтэрактыўная. Скарб у тым, што гэтая перавага - разгадаць загадку Дубоўкі - застанецца толькі "тутэйшым", людзям якія адчуваюць беларускую мову. Вакол кнігі разгортваецца сюжэт раману. Мы ненаўмысна адчуваем узровень каштоўнасьці кожнага адметнага слова - ратаваньне беларускіх кніг, і нават асобных словаў у кнізе абстаўленае як галоўная прыгода. Адзін з герояў рамана праз адносіны да словаў нават вымаўляе сваю жыцьцёвую філязофію: "Пасьля сьмерці мы жывем у мове. Бесьсмяротнасьць там".

    Мова і каханьне
    У пэўныя часы беларуская нацыянальная сьвядомасьць, прынамсі для мяне, шла побач з эратычнасьцю. Працэс моўнай ініцыяцыі быў кранальны і інтымны. Мова передавалася ад закаханых асобаў разам з пачуцьцямі. Віктар Марціновіч паказаў нам гэтую беларускую зьяву яшчэ ў "Сцюдзёным выраі", дзе герой вывучае беларускую мову з-за каханьня да беларускамоўнай дзяўчыны.
    Мова і каханьне ў Беларусі заўсёды ідуць побач. Непасрэдная эмацыйная перадача каханьня праз мову і мовы праз каханьне -- адметнасьць моўнай сітуацыі ў Беларусі. Разам са словамі вы атрымліваеце цэлы сусьвет значэньняў, усвядомленьняў, разуменьняў. Мова пачынае жыць у вас як плён каханьня, нават калі самі пачуцьці ўжо зьніклі.

    Мінск у рамане
    Мэтафара закінутага Мінску паўстае ў выглядзе схаванага пад шматпавярховікамі Чайна-тауну падземнага гораду. Драма рэчаіснасьці палягае ў тым, што кітайцам на забудову аддалі самае сьвятое -- гістарычны цэнтар, рэшткі старажытнай архітэктуры -- "Верхні горад" і галоўны каталіцкі храм -- касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі.
    Нягледзчы на тое, што твор нібыта антыўтапічны і пра будучыню, ён апісвае цалкам рэальныя рэчы з беларускага мінулага і сапраўднага. І cold-sex, і рэлігія разьвітога кансьюмэрізму -- гэта ніякая ня будучыня, гэта сапраўднае. А хто не пагадіцца, што жыхароў Расеі аддзяляе ад Еўропы манумэнтальны Вялікі кітайскі мур, праз які могуць патрапіць толькі выбраныя істоты?
    Ня будзем вінаваціць аўтара ў неарыгінальнасьці. Ідэю пра злучэньне Расеі ды Кітаю язык не паварочваецца назваць ні новай, ні фантастычнай. Яна проста ляжыць на паверхні нашай рэчаіснасцьці і ў пэўнай ступені нават грукаецца ў дзьверы. Віктар Марціновіч пазычае ў Сарокіна гэтае дапушчэьне наўмысна, дзеля таго, каб паказаць, як лёгка правінцыйная сьвядомасьць беларусаў гатовая адмовіцца ад сваёй культуры пад ціскам больш буйной руска-кітайскай цывілізацыі.
    Прыгадаем у сувязі з "Мовай" іншую ўтопію "451 градус па Фарэнгейту" Рэя Брэдберы, дзе таксама вядзецца пра забарону кніг. У абодвух творах мы бачым падмену. У Брэдберы пажарныя -- гэта тыя хто ініцыюе вогнішча, у "Мове" наркадылеры -- гэта тыя, хто ратуе словы і нацыю. У нашым сучасным жыцьці трэба пільна сачыць за тым, што хаваецца за дэклярацыямі і шыльдамі і чым гэтыя істоты і зьявы ёсьць насамрэч.


    "Мова - гэта этыка. Гэта наша спрадвечнае разуменне таго, што ёсць дабро і што ёсць зло, зашыфраванае ў словах. Было роднае слова, у якім гаўнюк называўся гаўнюком. Прыйшла іншая мова, дзе шмат розных слоў. І людзі разгубіліся. І ў такім разгубленым стане жывуць дагэтуль. Дай людзям слова - і яны прыгадаюць, што такое дабро".
    24
    289