Рецензия на книгу
Низины
Элиза Ожешко
Ksienija26 июля 2025 г.Галоўная гераіня аповесці — бедная бязродная сялянка Хрысціна, якая мае ў жыцці толькі дзьве радасці: Піліпку і Антосіка. Сыноў.
Старэйшага, Піліпку, забіраюць у войска, і маці гатовая душу прадаць, толькі б вярнуць сына, не даць яму загінуць на чужыне. Але каму прадаваць? Дапамогі прасіць няма ў каго.
Сама назва падказвае і настрой, і канцоўку твора, але нават так ён трымае ў напружанні да самага апошняга радка.
Аповесць ёмістая і жорсткая, але ў той самы час лірычная і плаўная. Шмат разоў я лавіла сябе на тым, што мілуюся прыгажосцю пераплеценых лесаў герояў: як ім гукаецца мінулае, або ўміг адразаецца будучыня. Чытаць лёгка і эмцыянальна, бы катацца на каруселі.
Асобна адзначу Піліпку. Гэты герой асабіста не з’яўляецца ў аповесці ані разу. Але праз думкі і пакуты маці вобраз хлопца вымалеўваецца так жыва, што пад канец адчуванне, нібыта толькі дзеля яго аднаго твор і чытаеш. І “вочкі ў яго сіненькія, такія, як кветкі ільну…”
Падзеі аповесці адбываюцца недзе ў канцы 19 ст, але я б не казала, што яна можа занікавіць толькі аматараў гістарычнасці. Як і большасць добрай літаратуры яна імкнецца данесці, што трэба бачыць ў людзях людзей, таму застанецца актуальнай яшчэ доўгі час. Раю да чытання ўсім :)
432