Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Дзюрдзи

Элиза Ожешко

  • Аватар пользователя
    Ksienija26 июля 2025 г.

    Наша Эсмеральда

    Сваёй жывасцю, дабрынёй, прыгажосцю і непадробленым шчасцем яна прыцягнула ўвагу трох няшчасных мужчын. Увагу, якая ў выніку дзяўчыну і загубіла.

    І гэта нават не спойлер да аповесці Элізы Ажэшкі «Дзюрдзі», чые падзеі адбываюцца недзе на Гарадзеншчыне. Аўтарка сама ў прадмове да твору раскрывае амаль усе карты: здарыцца трагедыя.

    Чытачу застаецца толькі назіраць за тым, што менавіта да трагедыі прывядзе. Праз гэта прадчуванне бяды, чытаць цяжка, і нават узнікаюць думкі адкласці кнігу. І чым шчаслівешыя сцэны час ад часу паказвае аповесць, тым страшней перагортваць старонкі.

    Пятруся — галоўная гераіня «Дзюрдзяў» — воляй шэрагу выпадковасцяў становіцца ведзьмай у вачах аднавяскоўцаў. І ўсё тое, добрае, што яна для іх не робіць, толькі ўзмацняе ірацыянальную веру ў вядзьмарства. Параіла суседцы лекавыя зёлкі, і тая паправілася ад хваробы? Вядома — ведзьмы знаюцца на зеллях. Пазычыла камусьці дабро са сваёй хаты? Ну дык і столькі дабра — ад чорта.

    Пакуль чытала, мяне не пакідала думка: як бы гэта прыгожа глядзелася б у кіно. Асабліва маўклівая сцэна сустрэчы Пятрусі з фартухом, поўным зёлак, і напружаных вяскоўцаў на фоне вогнішча. Неяк вельмі яскрава намалявала яе Эліза Ажэшка. Гэта ў самым пачатку аповесці :)

    Вядома, параўнанне з Эсмеральдай не зусім карэктнае. Не знайшлося сярод тых трох мужчын шчырага і адданага Квазімода. Як не знайшлося для няшчаснай надзейнага сховішча за брамай Нотр-Дама. Але ж і агульнага ў гэтых двух дзяўчын таксама багата.

    Як і маленькая цыганка, Пятруся нагадвае нам, што ў свеце існуюць добрыя, светлыя, натхняльныя, прыгожыя людзі і рэчы. Проста так. Проста таму што яны ёсць.

    Самае складанае нават не знайсці або заўважыць іх — гэта лёгка. Галоўнае — уберагчы іх ад чалавечых страхаў, зайздрасці і забабонаў.

    3
    51