Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Хам

Элиза Ожешко

  • Аватар пользователя
    Ksienija26 июля 2025 г.

    Некаторыя людзі — не зусім людзі

    Некаторыя людзі — не зусім людзі

    Яны не здольныя да адукацыі, мастацтва, высокіх думак, складаных пачуццяў.

    Гэта рэальны пункт гледжання, якога прытрымліваліся сярэднія і высокія пласты насельніцтва. Стагоддзямі. Пад гэта нават падводзілася адпаведная міфалогія: быццам сяляне — нашчадкі Хама, праклятага за знявагу да бацькі, Ноя. Яны іншыя, другога роду.

    Я даўно ведала, што калісьці так лічылі. Але адна рэч проста ведаць, зусім іншая — рэальна разумець, як гэта было, як адчувалася. І тут на дапамогу прыходзіць творчасць Элізы Ажэшкі, паслядоўнай пісьменніцы-гуманісткі.

    Часам сутракаеш у яе фразу кшталту «сяляне таксама могуць любіць усім сэрцам, могуць быць вернымі на усё жыццё». І дзівішся: сур’ёзны твор, паважная пісьменніца — як можна казаць такія банальнасці? Прычым вось так: проста словамі, проста ў лоб.

    А потым узгадваеш: яна пісала гэта не нам, а сваім сучаснікам. І, відаць, было настолькі кепска, што часам трэба было проста ў лоб.

    У іншых творах Ажэшкі таксама шмат пра сялян або засцянковую (збяднелую) шляхту. Пра пакуты, складаныя лёсы працаўнікоў зямлі, і разам з тым пра іх глыбокі ўнутраны свет, пра душэўнае багацце. Але ў аповесці «Хам» тэма выкручана на максімум, стандартныя ўяўленні таго часу перакулены дагары нагамі.

    Франку, паненку з добрага роду (прынамсі, так яна сама лічыць) жыццё прымушае выйсці замуж за хама, нёманскага рыбака Паўла Кабыцкага. Што праўда, па шчырым каханні. Але ні каханне, ні дабрыня мужа не дапамагаюць Францы надоўга забыць пра розніцу ў паходжанні. Тым часам Павел гатовы выцярпець любыя выбрыкі, але быць побач з жонкай, бо Богам пакляўся — «Не пакіну цябе аж да самай смерці».

    А выцярпець давядзецца так шмат, што чытаць балюча.

    Гэта горкая і вельмі эмацыйная гісторыя — чарговы напамін, што лічыць сябе лепшымі за пэўную группу людзей пакутліва не толькі (а часам і не столькі) для гэтай групы, а для саміх сябе. І адзіная крыніца такой пагарды — уласны невылечаны боль і пачуццё бездапаможнасці.

    1
    59