Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Death in Venice

Thomas Mann

  • Аватар пользователя
    Аноним11 февраля 2025 г.

    Калі аптымізм - утопія

    У выдавецтва "Янушкевіч" яўная цяга на Нобелеўскіх лаўрэатаў. У мяне такой цягі да класікаў няма, але з другога боку трэба б было сябе крыху развіваць і выходзіць за рамкі сваіх пераваг. Пра Томаса Мана да гэтай кнігі я нічога не ведаў. Нямецкі пісьменнік, першы раман выйшаў у 1901 годзе. У 1929 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію. Пісаў раманы і апавяданні да самай смерці (1955). У гэтай кнізе, што я чытаў, сабраныя розныя невялікія апавяданні розных гадоў. Навэла "Смерць у Венецыі" з'яўляецца адным з самых папулярных твораў аўтара.
    У сваіх творах Ман намагаецца з чытачом зрабіць 2 рэчы - прымусіць перажываць і заставіць задумацца над філасофскім кантэкстам. Звычайна, у апавяданні ёсць нейкі цэнтральны герой, у якога ёсць нейкая цяжкасць у жыцці. У першых апавяданняў, напрыклад, героі пакутуюць ад пачуццяў. Звычайная дарэчы тэма для таго часу. Кахаю і ўсё тут, не магу трываць. Канешне, зараз крыху па-іншаму людзі перажываюць такія сітуацыі, а раней каханне было падобнае да хваробы, калі ты нічога не можаш больш рабіць - ні есці, ні спаць, ні працаваць. Нават калі спадабалася замужняя жанчына - трэба ехаць да яе, знаёміцца не толькі з ёй, але і з яе мужам, быццам сябраваць, а потым прызнацца ў пачуццях, атрымаць адказ і лезці з-за гэтага у пятлю. Вось жыў чалавек сабе спакойна, і раптам закахаўся і ўсё памеркла - зоркі патухлі, кветкі пашарэлі...
    Яшчэ Ман прымушае нас перажываць за хворых на галаву людзей. Як, напрыклад, у апавяданні пра сабачку. Мне, дарэчы, яно мне не спадабалася, бо я не люблю, калі мной маніпулююць такім чынам. Кожны нармальны чалавек перажывае, калі чытае пра здзекі над жывёламі. І гэта было шмат разоў да Мана. Хочаш заставіць чалавека плакаць над апавяданнем - забі сабачку ці коціка.
    А яшчэ можна перажываць з-за хваробы. Калі чалавек харошы, але хвароба не дае яму права жыць. Ці, напрыклад, чалавеку проста цяжка ад жыцця, бо хочацца, каб усё было навокал вясёлкавым, але прыходзіцца хадзіць па гразі пад дажджом. Перажывай, чытач. І думай!
    А думаць трэба шмат, гэта Ман любіць. Кожны твор трэба чытаць удумліва, каб не прапусціць нітку думкі. Гэта спачатку крыху збянтэжвае, таму што ты пачынаеш чытаць мастацкі твор, у якім нешта такое адбываецца, і раптам галоўны герой пераходзіць у доўгія разважанні пра ўсё запар. Пра пачуцці, пра гісторыю, пра культуру, пра псіхалогію паводзінаў. Паднімаюцца шматлікія цяжкія філасофскія тэма, з-за каторых ты пачынаеш сумнявацца, што ты чытаеш - мастацкую літаратуру ці філасофскі трактат. Прызнаюся, бывае я губляў тую самую нітку і прабягаў вачыма "ваду" з філасофскімі разважаннямі. Там кожны сказ трэба чытаць уважліва, каб нічога не згубіць.
    "Смерць у Венецыі" - самы буйны твор у зборніку. Але для мяне ён нейкі пусты... Старэчы мужчына ўбачыў на адпачынку прыгожага падлетка і, напэўна, закахаўся. Зноў шмат разважанняў, шмат думак, шмат цяжкіх вырашэнняў... Ах гэта Тадзя, ах анёл...
    Ну і ўвогуле сам зборнік цікавы для мяне толькі з пункту гледжання пашырэння ведаў. Закахацца ў творчасць Мана ў мяне не атрымалася. Але не скажу, што мне было зусім нецікава. Мне падалося цікавым чытаць пра людзей, якія дылі ў пачатку 1900-х гадоў. У што апраналіся, куды хадзілі, пра што думалі. Усё ж такі гэта другая эпоха. Каб зразумець, за што далі Ману Нобелеўку, трэба б было прааналізаваць увесь пісьменніцкі пласт таго часу, што мне рабіць лянота. Таму зборнік атрымлівае ад мяне 6/10. Не вельмі цікава, але для развіцця вельмі добра.

    3
    52