Рецензия на книгу
Мова
Віктар Марціновіч
Morra31 марта 2015 г.Віктар Марціновіч, здаецца, стварыў новы і даволі цікавы тып антыўтопіі - лінгвістычны. Бо знікненне інстытутаў сям'і і шлюбу, таталітарнае грамадства і культ асалоды мы ўжо бачылі і ў класікаў жанру, і ў сучасных аўтараў. Але калі Хакслі ці Оруэл будавалі свае творы на нейкім агульначалавечым падмурку, дык у Марціновіча будучыня тычыцца, у першую чаргу, Беларусі і цалкам вынікае з сучаснай моўнай сітуацыі. Не, зразумела, я не веру ў то, што мова можа пераўтварыцца ў наркотык, але ізноў стаць забароненай - чаму не?.. Тым больш, што якраз гэта ўжо было - крыху болей за сто гадоў прайшло з таго моманту, калі ў Расійскай імперыі дазволілі друкаваць кнігі, часопісы, газеты на беларускай мове. А гісторыі, на жаль, уласціва рухацца па спіралі.
І ўсё ж такі... мова як наркотык - ёсць нешта цікавае, нешта прывабнае ў гэтай думкі. Два супрацьлеглых погляда - барыга, які з рызыкай возіць мову з Варшавы, і джанкі, які сядзіць на мове, то бок купляе фрагменты з тэкстамі, каб злавіць чарговы прыход. Кожны з іх распавядае сваю гісторыю, і паступова з гэтых двух версій паўстае поўная карціна, насычаная яскравымі падрабязнасцямі. Ёсць яшчэ два героя, дакладней сукупнасцей герояў. Дзяржнаркакантроль, які завесіў горад сацыяльнай рэкламай, які выкрывае злачынствы, звязаныя з продажам, захоўваннем, спажываннем мовы, а да таго ж шукае мову ў замежжы, каб знішчаць ці захоўваць у сваіх сутарэннях. І кітайскія трыяды (бо Кітай да таго часу паспяхова захапіў суседзяў, стварыў з імі "Саюзныя дзяржавы", а у гістарычным цэнтры Мінска ўтварыўся шумны і мітуслівы чайна-таун), якія кантралююць гандаль мовай і супрацоўнічаюць з падпольнымі беларускімі арганізацыямі (у якія, на жаль, даволі складана паверыць). У гэтым чатырохкутніку і адбываюцца асноўныя падзеі, якія час ад часу выглядаюць занадта незвычайна нават для антыўтопіі.
Але ёсць асобныя моманты, якія прабіраюць да дрыжыкаў, але ёсць пытанне, адказ на якое я паабяцала адшукаць, але ёсць такі знаёмы і такі незнаёмы Мінск, але ёсць выдатны і ў нечым нават геніяльны канец рамана. Нарэшце, гэта гісторыя проста чапляе і зацягвае з першых старонак, бо закранае надзвычай важнае пытанне нашай адметнасці. Так, мова - далёка не асноўная прыкмета нацыі. І прыклады адшукаюцца вельмі хутка - ангельская мова ў ЗША і Ірландыі, французская - у Бельгіі, партугальская - у Бразіліі і г.д. Але я цалкам згодна з прафесарам К. Хейлі: "Страта мовы - нібы бомба, скінутая на Луўр. Калі знікае мова, памірае культура". І мне бы вельмі хацелася, каб маі дзеці, калі б не размаўлялі, дык хаця б ведалі ту мову, якую я называю роднай.
451K