Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Каласы пад сярпом тваім

Уладзімір Караткевіч

  • Аватар пользователя
    Аноним2 января 2025 г.

    "Немагчыма бачыць на кожным раздарожжы, над усёй краінай узлёт прабітых цвікамі рук"

    Чытанне “Каласы...” у 2024 годзе, знаходзячыся ў эміграцыі, мае трошачку мазахісткае адценне. Цяжка думаць пра радзіму, пра яе людзей, адлюстроўваць пачуцці галоўных герояў, калі так нядаўна ўсе гэтыя надзеі і пакуты былі тваімі. Таму я чытала кнігу нібы праз шкляную сцену, каб не дазволіць сабе пачуць занадта многа і не звар’яцець. Пэўна тады, пяць год назад, кніга зрабіла б на мяне цалкавіта іншае і большае ўражанне, але зараз пакінула толькі боль і адчай.

    Увогуле кніга, канешне, выдатная. Вельмі прыемна спатыкаць на старонках так падрабязна апісаных людзей з падручнікаў гісторыі і літаратуры – Каліноўскага, Шаўчэнка, Дуніна-Марцінкевіча. Цікава чытаць пра звычаі мужыкоў і шляхты (Загорскія з дзяцінства валодалі пяццю мовамі, а які густ да мастацства мелі!). І, канешне, наша зямля пад белымі крыламі – колькі ў кнізе апісанняў зямлі!

    З другога боку, часам было цяжка прадрацца скрозь размовы пра палітыку і без гістарычнага кантэксту не ўсё было зразумела. Галоўны герой – Алесь – што той анёл, толькі сышоўшы з неба – ідэальны да немажлівасці. З самога дзяцінства што ні скажа – усё правільна і свята, гэтакі Марці Сью па-беларуску. Вельмі шкада, што Караткевіч не паспеў закончыць гісторыю і расказаць пра лёс другіх герояў. А сапраўдны боль - гэта тое, што за амаль 200 лет мы не здолелі перамагчы ў бойцы за сваю краіну і сваю мову.

    Прачытаўшы, я думаю, як добра, што пісьменнік не ўбачыў буржуазную рэвалюцыю сваімі вачыма і не пачуў нашай роспачы. А мажліва, ён лепей, ніж мы, разумеў, што такія рэчы патрабуюць шмат больш часу – не годы, а дзесяццегоддзі. Можа, ён бы сумеў зберагчы надзею і падзяліцца ёю ў двух другіх запланаваных частках “Каласоў...”, але... Але нашую гісторыю барацьбы праз сто пяцьдзесят гадоў (спадзяюся!) ўжо апаве нехта іншы.

    9
    514